Станіслаў Шушкевіч: ваўка не зробіш вегетарыянцам

 f79f10da42cdc562deb076c5e991b691Станіслаў Шушкевіч – першы кіраўнік незалежнай Беларусі – распавёў сайту palitviazni.info пра прыхаваныя рэпрэсіі ўладаў і еўрапейскую палітыку ў дачыненні да Беларусі.

“Уладам ніхто не перашкаджае ладзіць такія рэпрэсіі, – мяркуе палітык. – Грашовыя штрафы Еўропа ўспрымае, як нейкі жарт”.

Нагадаем, на мінулым тыдні Станіслава Шушкевіча аштрафавалі на 6,3 млн рублёў. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сведкі-міліцыянеры заявілі, што Шушкевіч выступаў з мегафонам і “выкрыкваў лозунгі”.

Напярэдадні ў мінскім парку Янкі Купалы прайшоў устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса (арганізатары не знайшлі памяшкання, таму правялі яго на вольным паветры). Міліцыянеры тады склалі некалькі дзясяткаў адміністрацыйных пратаколаў на яго ўдзельнікаў.

“Увогуле, калі ацэньваць усе штрафы за акцыі, прыхаваныя рэпрэсіі, то нічога добрага ў гэтым няма, – кажа Станіслаў Шушкевіч. – Калі ў Канстытуцыі запісана свабода слова, мітынгаў і збораў, а далей напісана, што парадак правядзення масавых мерапрыемстваў вызначаецца законам, які фактычна перакрэслівае Канстытуцыю, то што гэта за закон, які не лічыцца з Канстытуцыяй? Улады забараняюць азы дэмакратычных пачаткаў у Беларусі. І ў той жа час лезуць са скуры, стараюцца паказаць Еўропе, што яны такія добрыя, бо перайшлі ад палітычных арыштаў да грашовых спагнанняў. Але ў мяне, напрыклад, упэўненасць, што рэпрэсіі могуць і ўзмацніцца. Таму ж былому палітвязню і экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, які не аплочвае штрафы, могуць забараніць ездзіць за мяжу. Гэта капаецца яма пад самыя ардынарныя дэмакратычныя ўстоі, якія павінны быць у больш-менш цывілізаванай краіне”.

На думку палітыка, да такой цывілізацыі беларуская краіна яшчэ не дайшла, а Еўропа сёння не ў стане паўплываць на сітуацыю.

“Не так даўно прымаў удзел у канферэнцыі ў Варшаве, і там я сказаў, што Еўропа, акрамя таго, што прымае нейкія дэкларацыі, фактычна нічога не робіць, – дадае былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі. – Вельмі шмат ёсць еўрапарламентарыяў, якія спачуваюць беларускай дэмакратычнай частцы. Але, калі яны хочуць садзейнічаць дэмакратыі і мець уздзеянне на рэжымы, то трэба зрабіць аналіз і не пашкадаваць сродкаў на гэта. Гэтага няма. Таму ўсё ідзе ў межах “Усходняга партнёрства”, і ў гэты працэс фактычна ўключылі прадстаўнікоў беларускай ўлады, якія абавязаны змагацца ўнутры краіны з праявамі дэмакратыі. Так што ў мяне надзеі на Еўропу, на тое, што яна стане больш паслядоўнай і цывілізаванай няма. Больш-менш нармальна падыходзяць да справы толькі Злучаныя Штаты і Польшча”.

Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што прыхаваныя рэпрэсіі ў краіне застануцца: “Уладам ніхто не перашкаджае ладзіць такія рэпрэсіі. Грашовыя штрафы Еўропа ўспрымае, як нейкі жарт, проста дзіву даешся гэтаму. Еўрачыноўнікі думаюць перавыхаваць беларускую ўладу. Але ваўка не зробіш вегетарыянцам”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Круткін
  • Славамір Адамовіч
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Аляксандар Малчанаў
  • Уладзімер Някляеў