Ці адправяць патэнцыйнага палітвязня на прымусовае лячэнне?

get_img

3 чэрвеня Мінскі гарадскі суд разглядзіць скаргу на прысуд Фрунзенскага суда Мінска, які прызнаў 80-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага вінаватым у абразе прадстаўнікоў улады і накіраваў яго на прымусовае лячэнне.

Нагадаем, што ў 2011 годзе пенсіянер Аляксандр Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» ўжо выступіў з заявай, у якой патрабуе спыніць пераслед Аляксандра Лапіцкага і перагледзець заканадаўства адносна паклёпу на дзяржаўных асобаў. Праваабаронцы не выключаюць, што арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнае Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.

“Наша пазіцыя застаецца нязменная – справа павінна быць закрытая, а рашэнне аб накіраванні пенсіянера на прымусовае лячэнне адмененае, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Алег Волчак. – У скаргах указана, што былі парушэнні матэрыяльнага і працэсуальнага права. У выпадку, калі гарадскі суд не адменіць рашэнне раённага, Аляксандра Лапіцкага адправяць на працягу дзесяці дзён на стацыянарнае лячэнне ў псіхіятрычную клініку “Навінкі”. І нават невядома, наколькі зацягнецца гэтае лячэнне – некалькі тыдняў, месяцаў альбо на год. Усё будзе залежыць ад урачоў”.

Са слоў праваабаронцы, пенсіянер з гэтай нагоды вельмі перажывае і ў яго нават былі настроі з’ехаць да сына ў Расію. Але ўсё ж-такі вырашыў застацца.

“Я мяркую, што гэта адназначна палітычны працэс, – дадае Алег Волчак. – Па-першае, пенсіянер каля дзесяці гадоў вёў барацьбу за свайго асуджанага сына, даказаў, што былі сфальсіфікаваны некаторыя дакументы па гэтай справе. З гэтай нагоды ён і пісаў чыноўнікам лісты – аб правапарушэннях, злоўжываннях. Можа быць, не ў зусім прыстойнай форме. Таксама Аляксандр Лапіцкі вёў свой блог у Інтэрнэце, пісаў там пра тэракт у метро, пра справу Юрыя Захаранкі. Адным словам змагаўся за справядлівасць. Але адназначна, што гэта абсалютна здаровы чалавек. Кандыдат хімічных навук, у яго добрая сем’я… Дарэчы, на разгляд справы мы запрасілі прадстаўнікоў Еўрасаюза і праваабаронцаў. І, наколькі вядома, “Міжнародная амністыя” ўжо заяўляла – калі Лапіцкага асудзяць, то яго могуць прызнаць вязнем сумлення”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Волчак
  • Аляксей Янушэўскі
  • Уладзімер Яроменак
  • Юрый Рубцоў