Беларускія палітвязні: Вызваленне Надзеі Саўчанка – заканамерны працэс

savchenko-c0jbcУчора ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая стала палітычнай закладніцай у Расіі, была вызваленая з турмы і абмененая на двух супрацоўнікаў расійскага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны Расіі Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава.

Беларускія палітвязні лічаць, што яе “вызваленне – заканамерны працэс, а сама Надзея можа стаць нацыянальнай гераіняй”.

Нагадаем, што 22 сакавіка гэтага года Данецкі гарадскі суд Растоўскай вобласці прыгаварыў Надзею Саўчанку да 22 гадоў калоніі агульнага рэжыму, прызнаўшы яе вінаватай у дачыненні да забойства ў чэрвені 2014 года журналістаў здымачнай групы Усерасійскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі на тэрыторыі, кантраляванай сепаратыстамі, а таксама ў замаху на забойства і незаконным перасячэнні мяжы РФ. Саўчанка абвінавачванні катэгарычна адмаўляла і адмовілася прызнаць прысуд. Яна неаднаразова аб’яўляла галадоўку.

У красавіку Пётр Парашэнка паведаміў, што ёсць дамоўленасць пра алгарытм і тэрміны вяртання Саўчанкі на радзіму. Паведамлялася, што яе могуць абмяняць на расійскіх вайскоўцаў, прадстаўнікоў ГРУ МА РФ Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, якія знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі і асуджаныя да 14 гадоў зняволення. Пры гэтым расійскі бок неаднаразова заяўляў пра немагчымасць абмену Саўчанкі ў рамках мінскага працэсу па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

4 мая стала вядома, што Федэральная служба выканання пакаранняў РФ пачала збор дакументаў для перадачы Саўчанкі ва Украіну.

Што думаюць пра вызваленне Надзеі беларусы, якія ў свой час патрапілі пад палітычныя рэпрэсіі?

Алесь МІХАЛЕВІЧ:

– Я шчыра рады, што Надзея на свабодзе. Усё гэта – заканамерны працэс, які, на шчасце, завяршыўся.

Зміцер ДРОЗД:

– Уся сістэма выглядае ўстойліва толькі ў тэлевізары рускіх гледачоў. Пуцін зрабіў усё, каб з Саўчанкі выляпіць гераіню. Ён у гэтай гісторыі – лузер. А ўвогуле, любая пасадка жанчын у турму ўспрымаецца дрэнна, але ў сітуацыі з Надзеяй гэта выглядае, як дарослы памперс, што працёк… Пры гэтым, на вачах у мільёнаў гледачоў. Асабліва па-дурному пабудаваны піяр: раніцай Пуцін сустрэўся з сем’ямі журналістаў, што загінулі, выслухаў іх просьбу адпусціць забойцу на пакаянне на Радзіму і расчуліўся – падпісаў указ аб памілаванні. А Парашэнка, відаць, прачытаў Настрадамуса, таму што яшчэ да сустрэчы Пуціна з сем’ямі забітых карэспандэнтаў даслаў за Надзеяй свой самалёт. Агідна. Прыкра. Выклікае пачуццё няёмкасці…

Алег Волчак:

– Вызваленне Надзеі – вельмі пазітыўная навіна. Гэта яшчэ раз паказвае: калі міжнародная супольнасць салідарна падымае тэму вызвалення палітвязняў на высокім узроўні, то любая краіна зацікаўлена ў тым, каб пагасіць канфлікт. У той жа Беларусі, пакуль не ўзнялі ў Савеце бяспекі ААН пытанне знаходжання за кратамі былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, яно не вырашалася.

Ва Украіне Надзея – ужо нацыянальны герой, мяркую, што яе наперадзе чакае добрая палітычная кар’ера. І маўчаць яна не будзе, бо прайшла праз расійскую турэмную сістэму і ведае, што трэба казаць Захаду.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Баразенка