“Мужыкам ёсць чаму павучыцца ў Надзеі Саўчанка!”

mqdefault Не так даўно беларускія апазіцыянеры прыйшлі ў Еўрапарламент у майках з партрэтамі Надзеі Саўчанка. Так яны выказалі салідарнасць з украінскай лётчыцай і засведчылі свой пратэст супраць прысуду да 22 гадоў зняволення.
Надзея Саўчанка заявіла, што збіраецца пачаць галадоўку праз 10 працоўных дзён пасля вынясення выраку — у выпадку калі ён набудзе моц.

Беларускія экс-палітвязні даюць парады Надзеі Саўчанка з нагоды яе галадоўкі і выказваюць словы падтрымкі.

Нагадаем, прысуд Надзеі Саўчанка быў вынесены 22 сакавіка. Па законе ён набудзе моц толькі праз дзесяць дзён пасля вынясення і толькі ў тым выпадку, калі яго не абскардзіць ні адзін з бакоў. Пракуратура раней выказала задавальненне прысудам і заявіла, што не плануе падаваць скаргу.

Саўчанка са свайго боку і раней казала, што не мае намеру абскарджваць прысуд. Яна не прызнае віну і лічыць судовы працэс у Расіі незаконным.

Мікалай Статкевіч:

– Адвакат Надзеі заявіў, што стан здароўя ўкраінкі пагоршыўся, бо арганізм не бярэ ваду. Гэта сапраўды можа быць пры галадоўцы. І ў такім выпадку трэба піць альбо мінеральную, альбо крыху падсоленую ваду. Дактары, натуральна, ведаюць пра гэта, бо падчас працяглай галадоўкі арганізм можа пачаць успрымаць ваду, як атруту.

А ўвогуле, Надзея – мужны чалавек! Трымайся!

Мікалай Аўтуховіч:

– Чалавек, які галадае не першы раз, добра адчувае свой арганізм і бачыць што кепска, а што – не. На галодны страўнік усё гэта вельмі добра адчуваецца. І нават, калі ты пап’еш менш вады (тры літры ў дзень) – гэта адразу скажацца. Крытычны стан можа быць у любы момант, калі ты ўжо галадаў некалькі тыдняў.

Я ўспамінаю, як сам галадаў 74 дні. І гэта без аніякіх кропельніц. 74 дні я піў толькі ваду. У мяне была стомленасць, ціск – 30 на 50! Гэта перадсмяротны стан, але я яшчэ коўзаўся. У апошнія дні хадзіць ужо практычна не мог, але галава была цвярозая, усё памятаў, прытомнасць не губляў. А вось, калі і ваду піць адмаўляешся, то тут горшая сітуацыя.

Падчас галадоўкі вельмі шмат яшчэ залежыць ад характару чалавека. А ў Надзеі Саўчанка мужнасці вельмі шмат, мужыкам ёсць чаму павучыцца. І, калі яна вырашыла ісці да канца, калі так сябе запраграмавала, то будзе так рабіць. Для мяне Надзея – проста мужны і рашучы чалавек. Гэта самы сапраўдны баец. Каб у нас былі такія мужыкі, усё было б інакш.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пачобут
  • Кацярына Салаўёва
  • Арцём Пракапенка
  • Алесь Пушкін
  • Сяргей Вазьняк