Беларускае правасуддзе: “палітычны канвеер” працягваецца

sud_sevnews.info_ Улады адыйшлі ад практыкі кідаць найбольш актыўных грамадскіх і палітычных актывістаў за краты на доўгі тэрмін ці нават на “суткі”, але зараз запрацавала сістэма штрафаў, якія рэгулярна выпісваюцца арганізатарам ці ўдзельнікам акцый .

Ці змянілася зараз нешта ў дзеяннях беларускага правасуддзя? Ці варта аспрэчваць судовыя рашэнні альбо лепш іх ігнараваць?

“Каб паказаць, што справа палітычна матываваная, трэба абараняць сябе да канца”, – лічыць юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла.

“Многія з тых, каму прысудзілі штрафы, зараз іх не аплочваюць, і ў пэўным сэнсе маюць рацыю, – кажа юрыст-праваабаронца. – За гэты час можна абскардзіць дзеянні органа, які правёў адміністратыўны пераслед грамадзяніна, і судовае рашэнне”.

Па словах Гары Паганяйла, калі чалавек прымаў удзел у мірнай акцыі пратэсту, а затым атрымлівае за гэта штраф, то справу можна лічыць палітычна матываванай.

“Трэба прызнаваць, што гэта палітычны пераслед, – дадае ён. – І ў той жа час неабходна спрабаваць пазмагацца за сваю невінаватасць і асбкардзіць дзеянні ў дачыненні да сябе. Трэба паспрабаваць праз суд паказаць, што вы дзейнічалі мірна, ніякага ўрону грамадскаму парадку не было, а людзі проста выказвалі сваю нязгоду з той ці іншай палітыкай урада, што гарантавана Канстытуцыяй. Варта выкарыстоўваць прававыя сродкі абароны, і праваабаронцы заўсёды нагадваюць менавіта пра гэтыя формы, калі грамадзянін на самай справе хоча даказаць сваю невінаватасць”.

Але ці магчыма гэта зрабіць ва ўмовах беларускага правасуддзя?

“Я даўно лічу, што як такога правасуддзя ў Беларусі няма, – адзначае юрыст. – Суддзі наўпрост залежаць ад “вертыкалі” ўлады, і, калі ў справе прысутнічае палітычны кампанент, то вырак зараней вядомы. Дабіцца свабоднага і справядлівага разгляду справы практычна немагчыма. Вынясенне “палітычных” рашэнняў пастаўлена, як кажуць, на канвеер. Судам у такіх сітуацыях, як кажуць, “сабе даражэй” глыбока разбірацца ў такіх справах і выносіць справядлівыя рашэнні. Суддзі ведаюць, што іх выракі ў вышэйшых інстанцыях таксама падтрымаюць, а таму сістэма працуе, можа быць, і ў новых умовах, але па-старому. І гэта не дадае гонару беларускаму правасуддзю. Тым не менш, паўтаруся, абсалютна ігнараваць суды не трэба. Па-першае, варта паспрабаваць даказаць сваю невінаватасць. Па-другое, менавіта на такіх працэсах становіцца зразумелай палітычная ангажаванасць судоў. Каб паказаць, што суда няма, трэба прайсці праз гэты суд і выкарыстаць усе прававыя метады абароны”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Казакоў
  • Аляксандар Баразенка
  • Аляксандар Васільеў
  • Юлія Чыгір