Плошча-2010: як гэта было?

6188_main19 снежня 2010 году ў Беларусі прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары. Амаль усе альтэрнатыўныя кандыдаты, якія спрабавалі канкурыраваць тады з Аляксандрам Лукашэнкам у той ці іншай ступені трапілі пад рэпрэсіі з боку ўлады. Масавая акцыя пратэсту прыхільнікаў апазіцыйных кандыдатаў, якая адбылася ў той дзень у Мінску, была брутальна разагнана супрацоўнікамі беларускіх спецслужб, сем з дзесяці кандыдатаў у прэзідэнты сталі фігурантамі крымінальнай справы “Аб масавых беспарадках”. У прэсе падзеі 19 снежня ахрысцілі “крывавай нядзеляй”.

Сайт palitviazni.info узгадвае храналогію падзей пяцігадовай даўніны.

У выбарчай кампаніі 2010 года прынялі ўдзел 10 кандыдатаў. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі ў барацьбу за вышэйшы дзяржаўны пост у Беларусі ўступілі: тагачасны лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў, намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сустаршыня па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, прадпрымальнік Дзмітрый Ус, эканамісты Яраслаў Раманчук і Віктар Цярэшчанка, юрыст Алесь Міхалевіч і Мікалай Статкевіч.

У сваіх тэлезваротах да выбаршчыкаў, роўна як і падчас тэледэбатаў (удзел у якіх узялі ўсе кандыдаты ў прэзідэнты, акрамя Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Някляева, сыйшоўшага са студыі), амаль усе альтэрнатыўныя кандыдаты заклікалі грамадзян пасля закрыцця выбарчых участкаў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу Мінска для ўдзелу ў мірнай акцыі. Устрымаўся ад гэтага толькі адзін кандыдат – Віктар Цярэшчанка, які афіцыйна прызнаў уласнае паражэнне ад Аляксандра Лукашэнкі.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка ва ўласцівай для сябе манеры перасцярог канкурэнтаў ад арганізацыі вулічнай акцыі: “Што чакае прыхільнікаў акцыі? Чытайце нашыя законы, усё будзе абсалютна па закону. І бяспека – тое самае. Не перажывайце, нікога сёдня на плошчы не будзе”, — сказаў ён тады.

Аднак, ужо ў дзень 19 снежня стала відавочна: улады рыхтуюцца да вячэрняй акцыі апазіцыі – па Мінску курсіравалі “аўтазакі”, будынкі некаторых урадавых і адміністрацыйных будынкаў былі запоўнены супрацоўнікамі міліцыі, спецназу і іншых спецслужб. Акрамя таго, у тую нядзелю былі цяжкасці з доступам да сайтаў незалежных беларускіх СМІ і іншых інтэрнет-рэсурсаў дэмакратычнага зместу.

Першым пад каток беларускіх спецслужбаў 19 снежня 2010 года трапіў Уладзімір Някляеў. Разам з сябрамі свайго перадвыбарчага штаба ён накіроўваўся на Кастрычніцкую плошчу для ўдзелу ў акцыі пратэста. Аднак па дарозе туды шлях калоне на чале з Някляевым перагарадзіла машына ДАІ, а на самога Някляева, які на той момант яшчэ знаходзіўся ў статусе кандыдата ў прэзідэнты, быў здзейснены напад. На Някляева і сябраў яго ініцыятыўнай групы напалі невядомыя. Напад адбываўся з выкарыстаннем светашумавых грант. Пасля нападзення Някляеў страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапмогі. Адтуль, пасля асабістага дазволу тагачаснага галоўнага ўрача бальніцы Віктара Сірэнкі, збітага Някляева вынеслі на коўдры супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў. Пра далейшы лёс Уладзіміра Някляева стала вядома толькі праз некалькі дзён: ён, як і многія іншыя затрыманыя пасля падзей 19 снежня 2010 года, апынуўся ва ўнутранай турме СІЗА КДБ.

На наступны дзень, 20 снежня, у эфіры Беларускага тэлебачання было паказана інтэрв’ю кіраўніка перадвыбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэя Дзмітрыева, дзе той аддзячыў супрацоўнікаў ДАІ, якія перадухілілі правакацыі з боку актывістаў каманды кандыдата ў прэзідэнты.

Увечары 19 снежня акцыя пратэсту беларускай апазіцыі распачалася на Кастрычніцкай плошчы Мінска ў 20.00. Аднак на месцы збора быў заліты каток, а таксама гучна грала музыка з гукаўзмацляльнікаў, што замінала камунікацыі экс-кандыдатаў у прэзідэнты са сваімі прыхільнікамі.

Прыкладна ў 20.30 на Кастрычніцкай плошчы была сфарміравана калона – удзел у акцыі пратэста, па розных ацэнках, прынялі ад 10 да 50 тысяч чалавек.

Калона рушыла на іншую плошчу беларускай сталіцы – плошчу Незалежнасці, дзе месціцца Дом Ураду і памяшканне Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Не прызнаючы афіцыйныя данныя выбараў, экс-кандыдаты ў прэзідэнты, якія сабраліся на плошчы Незалежнасці, сталі патрабаваць сустрэчы з тагачасным прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім. Пры спробе ўвайсці ва ўрадавы будынак пратэстуючыя сутыкнуліся з супрацоўнікамі АМАПу. Падчас сутыкненняў у Доме урада былі выбіты шыбы, пашкоджаны ўваходныя дзверы. Па версіі пратэстуючых – гэтыя правакацыі былі падрыхтаваны і здзейснены ў інтарэсах дзеючай улады прадстаўнікамі спеслужб. Улада прытрымлівалася іншай версіі здарэння: сярод пратэстоўцаў былі спецыяльна падрыхтаваныя людзі, узброенныя жалезнымі прутамі, якія і пашкодзілі Дом урада “з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Сітуацыя з пашкоджаннем дзяржмаёмасці і стала па афіцыйнай версіі нагодай для брутальнага разгону акцыі пратэста. Сілавікі жорстка збівалі бяззбройных дэманстрантаў. У той вечар на плошчы Незалежнасці былі затрыманы і паранены дзесяткі актывістаў беларускай апазіцыі. Беларускія праваабаронцы называлі лічбу ў 700 затрыманых.

У ноч з 19 на 20 снежня ў кватэры экс-кандыдатаў і сябраў іх перадвыбарчых штабоў уварваліся прадстаўнікі спецслужбаў. Былі затрыманы: сябра каманды Уладзіміра Някляева Аляксандр Фядута, былы міліцыянт, актыўны ўдзельнік акцыі пратэста Аляксандр Класкоўскі, кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, Дзмітрый Усс, Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сябра АГП Анатоль Паўлаў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыя “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, актывіст “Гавары праўду” Сяргей Вазняк, каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” Зміцер Бандарэнка і іншыя.

Раніцай 20 снежня ў эфіры Беларускага тэлебачання быў паказаны выступ экс-кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука, у якім ён абвінаваціў іншых кандыдатаў у прэзідэнты — Андрэя Саннікава, Віталя Рымашэўскага і Міколу Статкевіча ў беспарадках, якія адбыліся на Плошчы Незалежнасці.

“Там, імі (названымі кандыдатамі — Аўт.) былі справакаваны беспарадкі і ажыццяўлялася спроба захопа будынка Дома урада. Пад пагрозай апынуліся жыцці тысяч чалавек. Упэўнены, што рэвалюцыі ў Беларусі разбураюць дэмакратыю”, — прачытаў падрыхтаваны загадзя тэкст Раманчук.

Пазней ён прызнаўся, што пайсці на такі крок яго прымусілі пасля таго, як ён пабываў на сустрэчы ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Днём 20 снежня стала вядома, што і АБСЕ, і Еўрапейскі Саюз асудзілі брутальнае падаўленне акцыі пратэста і не прызналі выбары прайшоўшых у Беларусі выбараў, палічыўшы іх “несвабоднымі і недэмакратычнымі”.

У той жа час пра лёс затрыманых напярэдадні ноччу кандыдатаў у прэзідэнты не было вядома да таго часу, пакуль Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на адмысловай прэс-канферэнцыі, не распавёў пра тое, што затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Высветлілася, што ў СІЗА КДБ знаходзіліся былыя кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Дзмітрый Ус, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, начальнік перадвыбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў, а такасама Анатоль Лябедзька, Аляксандр Фядута, жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп, рэдактар апазіцыйнага сайта “Хартыя-97” Наталля Радзіна, намесніца старшыні “Маладога Фронту” Наста Палажанка і іншыя.

Інфармацыя пра стан іх здароўя, умовы ўтрымання ў першыя дні пасля выбараў было не шмат – да затрыманых не пускалі адвакатаў. Адным з першых публічна пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ распавёў Алесь Міхалевіч.

«СІЗА КДБ ператварыўся ў канцэнтрацыйны лагер у цэнтры Мінска», — заявіў ён, вызваліўшыся з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе.

«Я павінен расказаць аб усім, павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак, — працягваў Міхалевіч. — Адразу пасля затрымання мне ва ўльтыматыўнай форме было загадана выступіць па БТ з заявай, у якой я б асуджаў Плошчу. Калі я адмовіўся, мяне змясцілі ў камеру. А праз некалькі дзён пачаліся катаванні».

Міхалевіч паведаміў, што асабліва жорсткія пыткі адбыліся з ім 10 студзеня — палітыку заводзілі рукі за спіну, надзявалі кайданкі, а потым падымалі рукі ўверх. Пры гэтым патрабавалі неабходных паказанняў.

Пра катаванні ў СІЗА КДБ заяўлялі і іншыя затрыманыя пасля падзей 19 снежня

Пазней, пазбягаючы пераследу, Міхалевіч быў вымушаны ўпотай пакінуць Беларусь і працяглы час жыў і працаваў у Чэхіі. Пасля выбараў-2010 года пакінуць краіну давялося і рэдактару сайта “Хартыя-97” Наталлі Радзінай.

У чаканні судоў многія фігуранты крымінальнай справы, якая была заведзена па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі “Масавыя беспарадкі”, правялі пад падпіскай аб нявыездзе. Двое з фігурантаў справы — Уладзімір Някляеў і Ірына Халіп – знаходзіліся пад хатнім арыштам, некаторыя экс-кандыдаты ў прэзідэнты да самага суда знаходзіліся ў СІЗА КДБ.

Першым па гэтай справе асудзілі Васіля Парфянкова, які працаваў у штабе Уладзіміра Някляева – яму далі чатыры гады пазбаўлення волі строгага рэжыма. Экс-кандыдаты у прэзідэнты былі прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення: Андрэй Саннікаў атрымаў пяць гадоў у калоніі ўзмоцненнага рэжыма, Дзмітрый Ус — 5 з паловай гадоў, Віталь Рымашэўскі атрымаў 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна, Уладзімір Някляеў атрымаў 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Больш за іншых далі Міколу Статкевічу — 6 гадоў. Ён выйшаў на волю апошнім з фігурантаў гэтай справы — толькі сёлета.

Іншыя фігуранты гэтай справы атрымалі: Аляксандр Класкоўскі — 5 гадоў узмоцненнага рэжыма, Андрэй Дзмітрыеў — 2 гады ўмоўна, Аляксандр Фядута — 2 гады ўмоўна, Наста Палажанка — 1 год умоўна, Сяргей Вазняк — 2 гады ўмоўна, Ірына Халіп — 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, Павел Севярынец — тры гады пазбаўлення волі, якія ён адбыў на “хіміі” у вёсцы Куплін.

На сёняшні дзень усе фігуранты гэтай справы знаходзяцца на волі. Дакладна вядома, што справа ў дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча дагэтуль не спынена.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Сяргееў
  • Уладзімер Яроменак
  • Алег Федаркевіч
  • Зьміцер Бандарэнка
  • Аляксандар Казакоў