Шахін Рзаеў: Міжнародныя дэмакратычныя інстытуты ў пытанні палітвязняў абыходзяцца паўмерамі

10308247_10203703309888121_8294348068287516478_nДнямі Апеляцыйны суд у Азербайджане змяніў меру стрымання ў дачыненні да азербайджанскай праваабаронцы Лэйлы Юнус і вызваліў яе з-пад варты.

У дачыненні да яе абраная мера стрымання — хатні арышт.

У жніўні бакінскі суд прыгаварыў 59-гадовую Лэйлу Юнус, якая працавала дырэктарам Інстытута міру і дэмакратыі, і яе мужа, гісторыка Арыфа Юнуса, да 8,5 і 7 гадоў адпаведна па абвінавачваннях у махлярстве.

Супраць мужа і жонкі было таксама высунутае абвінавачванне ў дзяржаўнай здрадзе, але працэс па гэтай справе яшчэ не пачынаўся.

Праваабарончыя арганізацыі неаднаразова паказвалі на палітычную падаплёку гэтага працэсу, патрабуючы вызваліць мужа і жонку, якія знаходзяцца ў цяжкім стане.

У лістападзе з турмы быў вызвалены муж Лэйлы Арыф.

Пра палітвязняў і сітуацыю з правамі чалавека ў Азербайджане сайту palitviazni.info распавядае дырэктар Азербайджанскага філіяла Інстытута па асвятленні вайны і міра Шахін Рзаеў.

– Як зараз можна ахарактарызаваць сітуацыю з палітвязнямі ў Азербайджане?

– Сітуацыя, напэўна, самая крытычная за апошнія 10 гадоў, калі быў забіты журналіст Эльмар Гусейнаў, і, калі не ўдалася спроба “памаранчавага Майдана” ў Баку напярэдадні парламенцкіх выбараў. Тады таксама былі арыштаваны ўплывовыя лідары апазіцыі і іх тайныя ўладныя апекуны .

Сёняшняе абвастрэнне ўнутрыпалітычнай сітуацыі таксама можа быць патлумачана падзеямі ва Украіне. Улады на корані стараюцца пазбавіць магчымасці любога поля для дзейнасці заходніх фондаў і арганізацый у Азербайджане. Ніякіх “мусульманскіх вёснаў” ці “фэйсбук рэвалюцый” нашы ўлады не могуць дапусціць. І ў гэтым яны апіраюцца на падтрымку Расіі, з якой ў апошні час адбылося значнае збліжэнне пазіцый.

Зараз, па некаторых ацэнках, у турмах і СІЗА краіны знаходзяцца больш за 100 “палітычных”, некаторыя з іх прызнаны “вязнямі сумлення” па класіфікацыі міжнародных арганізацый. Напрыклад, старшыня апазіцыйнай партыі “Рэал” Ільгар Мамедаў, намеснік кіраўніка яшчэ адной партыі “Мусават” Тофік Ягублу, журналістка Хадзіджа Ісмаілава і іншыя.

– Днямі суд у Баку вызваліў праваабаронцаў Лейлу Юнус і яе мужа Арыфа. На ваш погляд, з чым гэта звязана?

– Лейла і Арыф Юнус – адны з самых вядомых праваабаронцаў у Азербайджане. Сам факт іх арышту ўжо прыцягнуў увагу досыць уплывовых міжнародных цэнтраў. Улады краіны ў апошні час вядуць больш прарасійскую палітыку, але моцна псаваць адносіны з Захадам таксама не маюць намеру. Хаця б таму, што там у іх ёсць свой бізнес.

Напэўна, сваю ролю згуляў і той фактар, што абодва Юнусы маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Яго пагаршэнне (і не дай Бог – смерць у турме) выклікалі б сур’ёзны міжнародны рэзананс.

– Адным словам, міжнародная супольнасць мае пэўны ўплыў на азербайджанскія ўлады ў пытанні вызвалення палітвязняў?

– Па некаторай інфармацыі, станоўчы ўплыў на вызваленне праваабаронцаў аказаў новы пасол ЗША ў Азербайджане Роберт Секута, які, у адрозненні ад свайго папярэдніка, стараецца ладзіць дыялог і з уладамі, і з апазіцыяй, і з грамадзянскай супольнасцю.

Але ўсе ведаюць, што адносіны з еўрапейскімі інстытутамі пагоршыліся менавіта з-за сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Дайшло да таго, што ў Баку быў зачынены Офіс АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ адмовілася дасылаць назіральнікаў на парламенцкія выбары ў лістападзе гэтага году. Нашы ўлады традыцыйна абвінавацілі іх у падвоеных стандартах. Але хваля арыштаў ўсё ж-такі зменшылася.

– Як грамадства, простыя людзі ўспрымаюць наяўнасць у краіне палітвязняў?

– Досыць спакойна, бо ўжо даўно прызвычаіліся. Палітвязні былі і ў часы Гейдара Аліева, тады іх налічвалася нават больш.

Пытанні палітвязняў звычайны падымаюць грамадзянскія актывісты, але іх колькасць з кожным днём усё больш скарачаецца. Некаторых адпраўляюць за краты, іншыя з’язджаюць з краіны. А кагосьці проста ўдалося запалохаць.

– У Беларусі ў гэтым годзе былі вызвалены палітвязні. Што вам вядома аб беларускай сітуацыі?

– Шчыра скажу, пра беларускіх палітвязняў у Азербайджане ведае вельмі вузкае кола людзей. Напрыклад, я даведаўся пра гэты факт напярэдадні візіту прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Мінск, калі стаў бліжэй цікавіцца сітуацыяй у Беларусі.

Безумоўна, добра, што “палітычныя” ў Беларусі выйшлі на волю. Дрэнна, што гэта следства волі аднаго чалавека, а не прававы акт з вырашэннем сутнасці праблемы. Адным словам, захацелі – пасадзілі, захацелі – адпусцілі… Гэта аўтарытарная форма вырашэння такіх пытанняў.

– На ваш погляд, якім чынам можна змяніць сітуацыю з палітвязнямі ў лепшы бок у краінах з аўтарытарнымі рэжымамі?

– Мяркую, што ў гэтай справе могуць аказаць уплыў эканамічныя і палітычныя санкцыі супраць саміх чыноўнікаў. Хоць, на жаль, сёння дэмакратычныя краіны і інстытуты абыходзяцца паўмерамі.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кастусь Лукашоў
  • Аляксандар Францкевіч
  • Аляксандар Баразенка
  • Cяргей Антончык
  • Антон Койпіш