Ці ўзгадаюць кандыдаты на прэзыдэнта палітзьняволеных у сваіх праграмах?

Палітвязьні.інфо запыталі ў лідэра партыі “Беларускі народны фронт”, ці загучыць тэма палітзьняволеных у часе прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году.

Аляксей Янукевіч падкрэсьліў, што тэма палітвязьняў павінна быць адлюстравана ў перадвыбарчых праграмах кандыдатаў і кандыдатак на выбарах—2015 году. Ён лічыць абсалютна недапушчальным і абуральным для краіны, калі людзі знаходзяцца ў турме за іх палітычныя перакананьні. “Тут пытаньне ня толькі асабістага лёсу гэтых асобаў, а пытаньне таго ладу і стану, у якім знаходзіцца краіна”, — дадаў старшыня Партыі БНФ.

Ці кампанія Народны рэфэрэндум, або Партыя БНФ адлюструе тэму палітвязьняў у перадвыбарчых лёзунгах, мэсаджах, на агітацыйных плякатах?

Аляксей Янукевіч: Канкрэтнага плянаваньня лёзунгаў і мэсаджаў кампаніі Тацяны Караткевіч пакуль не было. Гэта справа яшчэ наперадзе. Але лёзунг, ён зразумелы: Свабоду палітвязьням! Гэты выраз, на жаль, прысутнічае ў палітычным жыцьці краіны ўжо досыць даўно. Ён ясны, зразумелы і адлюстроўвае сутнасьць нашых патрабаваньняў.

Ці будзе Партыя БНФ патрабаваць ад кандыдаткі, якую падтрымала, прамаўленьня і падкрэсьліваньня лёзунгу “Свабоду палітвязьням”?

Аляксей Янукевіч: Натуральна мы тэму палітвязьняў пакідаць не зьбіраемся. Народны рэфэрэндум скіраваны на тое, каб зьвярнуць увагу грамадзтва, што апазыцыя можа прапанаваць рашэньні па тых пытаньнях і праблемах, якія сёньня турбуюць людзей.

На жаль, пытаньне палітычных вязьняў не належыць да такіх. Але гэта не азначае, што дзеля нейкіх папулістычных, каньюктурных меркаваньняў мы пакінем гэтыю тэму ўбаку.

Натуральна, тэма палітычных вязьняў, неабходнасьці іх вызваленьня, наогул зьмяненьня той сыстэмы, якая сёньня дапускае існаваньне палітзьняволеных, загучыць. Нашыя актывісты Партыі БНФ плянуюць працаваць і ў часе парлямэнцкіх выбараў і ў часе прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году на карысьць вызваленьня палітвязьняў.

Фота  — Радыё Свабода

Palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Цішкевіч
  • Cяргей Антончык
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Зьміцер Мядзьведзь