Існуе магчымасьць затрыманьня? – Запоўні анкету на posidelki.in!

Перад Чэмпіянатам сьвету па хакеі стартаваў новы праект, які дапамагае спрасьціць сабе пабыўку на Акрэсьціна. Palitviazni.info пагутарылі са стваральнікамі сайту posidelki.in з мэтай даведацца, ці ёсьць патрэба ў такіх сайтах, і як паставіліся да гэтай ідэі беларусы.

 

Задума

Аднойчы група маладзёнаў узгадала пра хуткае адкрыцьцё Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску. Жартуючы, яны сталі абмяркоўваць, што хацелі б знайсьці ў сваёй перадачцы сядзельца, чаго ім сапраўды бракавала б у менскім ізалятары на Акрэсьціна, і хто б даставіў ім неабходныя рэчы. Так пасядзелкі-абмеркавалкі разьвіліся ў глябальную ідэю – ўэб-старонку posidelki.in

Сайт быў створаны непасрэдна пад Чэмпіянат сьвету па хакеі, і запусьціўся напрыканцы красавіка. На той момант, яшчэ не пачаліся прэвэнтатыўныя затрыманьні актывістаў.

Каманда posidelki.in: Калі камунікуеш з тымі, хто прытрымліваецца актыўнай жыцьцёвай пазыцыі і чуеш ад іх: “Ааа! Хутка чэмпіянат, што ж будзе? Зьязджаць ці хавацца ад уладаў?” Тады ты таксама мімаволі пра гэта задумваешся, і ідэя зьяўляецца сама сабой, бо пасадзіць за краты ў нашай краіне могуць кожнага.

 

Як функцыянуе сайт

Асноўная ідэя сайта палягае на запаўненьні актывістамі і звычайнымі беларусамі спэцыяльнай анкеты.

Задача актывіста: запоўніць анкету, дзе ён мусіць пазначыць імя і прозьвішча, кантакты чалавека (адваката), зь якім трэба будзе зьвязацца ў выпадку затрыманьня, сьпіс тых рэчаў, якія спатрэбяцца “на сутках”.

Задача каманды posidelki.in: даведацца ад СМІ пра затрыманьне актывіста, зрабіць яго анкету актыўнай і бачнай на сайце, зьвязацца з кантактнай асобай і паведаміць пра пажаданьні адносна перадачы.

Стваральнікі сайту былі б ня супраць самі зьбіраць і перадаваць перадачкі, але, на жаль, з-за правілаў спэцпрыёмніка на Акрэсьціна, гэта цяжка ажыцьцяўляльная задача.

На дадзены момант запоўненых анкетаў на posidelki.in ня так шмат. Каманда тлумачыць гэты факт позьнім запускам і недастатковай нераскручанасьцю сайта, людзкімі недаверам і паранояй, а таксама нежаданьнем пакідаць асабістую інфармацыю ў інтэрнэце.

Каманда posidelki.in: Мы раім запоўніць анкету нават такім раскручаным асобам, як Зьміцер Дашкевіч, бо калі актывіста зноў затрымаюць, зьяўленьне ягонай анкеты на сайце зможа прыцягнуць увагу людзей да праблемы незаконных арыштаў.

 

Фідбэк

Стваральнікі сайту posidelki.in нэгатыўных водгукаў адносна сваёй працы ня чулі. Калі расказвалі сябрам, знаёмым пра сваё новае захапленьне перадачкамі і зборамі анкетаў, тыя радаваліся, або ўспрымалі зь іроніяй.

Каманда posidelki.in: Тыя, хто ніколі не сядзеў на Акрэсьціна, звычайна ставяцца да гэтай тэмы несур’ёзна, жартаўліва. Тыпу, навошта я буду пакідаць свае пажаданьні, кантактныя дадзеныя, калі мяне і так забясьпечаць усім неабходным. На жаль, не заўсёды атрымліваецца так, як мы таго жадаем.

 

Што далей

Стваральнікі сайту перакананыя, нават калі запаўненьне анкеты можа падацца бессэнсоўным, варта памятаць пра будучыню. Хутка ж прэзыдэнцкія выбары 2015 году!

Стваральнікі posidelki.in дапускаюць, што пасьля ЧС па хакеі сайт можа “заснуць” на некаторы час, але пасьля прыйдзе новая хваля, і старонка зноў атрымае папулярнасьць і будзе запатрабаванай.

 

Каманда posidelki.in – група актыўных маладзёнаў, якія не зьяўляюцца сябрамі грамадзка-палітычных аб’яднаньняў, але ведаюць, ШТО адбываецца ў іх краіне.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Лабковіч
  • Арцём Дубскі
  • Віталь Мацукевіч
  • Аляксандар Атрошчанкаў