ЕЗ не пойдзе на кампраміс па пытанні палітвязняў

Для наладжвання дыялогу з Еўрапейскім звязам беларускія ўлады павінны вызваліць палітычных зняволеных.

Пра гэта заявіў кіраўнік дэпартамента палітыкі, інфармацыі і прэсы прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Рудольф Рышар 29 студзеня ў Менску падчас круглага стала на тэму беларуска-еўрапейскіх адносінаў пасля віленскага саміту Усходняга партнёрства, піша БелаПАН.

«Для поўнага наладжвання адносін ёсць некаторыя ўмовы, якія да гэтага часу не дазволеныя. Тут з нашага боку я магчымасці для кампрамісу не бачу. Калі канкрэтныя рашэнні не будуць прынятыя, складана будзе нешта рабіць з нашага боку», – падкрэсліў Рышар.

Пры гэтым, паводле слоў дыпламата, двухбаковыя адносіны развіваюцца «вельмі станоўча». «У любым выпадку 2013 год быў лепш 2012-га. З боку ЕЗ былі прыпыненыя санкцыі ў адносінах да міністра замежных спраў. Ён яшчэ знаходзіцца ў спісе, але, пакуль ён з’яўляецца міністрам замежных спраў, ён можа падарожнічаць, атрымліваць візу. Павялічыліся дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам і з краінамі-сябрамі», – заявіў Рышар.

Начальнік аддзела ЕЗ і субрэгіянальных арганізацый упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва беларускага МЗС Алег Шлома, каментуючы праблему палітвязняў, адзначыў: «Гэтае пытанне на слыху».

«Але гэта не значыць, што гэта адзіная перашкода, калі прыбраць якую, надыдзе шчаслівая будучыня ў нашых адносінах з ЕЗ. Будзем рэалістамі, прачнуўшыся заўтра, нават калі гэтыя людзі выйдуць з турмаў, мы не ўбачым, што мы сталі добрымі сябрамі з Еўразвязам, на нас пасыпаліся еўрапейскія грошы і мы сталі любімчыкам Еўрапейскага звяза. Занадта шмат негатыву назапасілася, які патрабуе часу і сумесных намаганняў, каб яго пераадолець. Мы не закрываем на яго вочы. Але гэта адно з пытанняў», – адзначыў прадстаўнік МЗС.

На думку Шломы, трэба глядзець на сітуацыю шырэй і імкнуцца «да назапашвання пазітыўнай крытычнай масы, узаемных крокаў, якія магчымыя ў цяперашніх умовах». «Не будзем чакаць чагосьці немагчымага, чагосьці, што пакуль не можа адбыцца. Можа, яно і адбудзецца, я гэтага не выключаю, але для гэтага павінна паспець сітуацыя», – сказаў чыноўнік.

Па просьбе журналістаў Алег Шлома пракаментаваў звесткі пра непублічныя перамовы еўрапейскіх дыпламатаў з беларускімі ўладамі, пра якія казаў Лукашэнка на сустрэчы з рэдактарамі беларускіх СМІ 21 студзеня.

«Гэта сусветная практыка, Беларусь тут не выключэнне, калі многія рэчы вырашаюцца непублічна. Існуе некалькі ўзроўняў вядзення і абмеркавання розных пытанняў. Паглядзіце на прыклады іншых краін, якія да апошняга часу адчувалі велічэзныя праблемы ў адносінах з сусветнымі цэнтрамі сілы, – той жа Іран. Тым не менш мы назіраем вынік вельмі сур’ёзны, які з’яўляецца следствам не толькі публічнай дыпламатыі», – адзначыў Шлома.

Нагадаем, на дадзены момант у Беларусі 11 палітвязняў. Еўрапейскія і амерыканскія палітыкі неаднаразова патрабавалі іх неадкладнага вызвалення.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кацярына Салаўёва
  • Вінцук Вячорка
  • Іван Шыла