Тацьцяна Равяка: Мы не жадаем дэвальвацыі статусу палітвязьня

Сваё слова вакол сытуацыі з арыштам каталіцкага ксяндза Уладзіслава Лазара выказалі і беларускія журналісты і палітычныя аглядальнікі. Сутнасць рэакцыі з гэтым арыштам – абурэньне дзеяньнямі  ўладаў,  але таксама і бязьдзеяньнем касьцёлу, і праваабаронцаў, якія ўхіляюцца ад таго, каб назваць сьвятара палітычным вязьнем. І пакуль касьцёл не жадае агучыць, або зрабіць нейкіх крокаў каб вырашыць праблему, праваабаронца цэнтру “Вясна” Тацьцяна Равяка распавяла palitviazni.info, чаму праваабаронцы не сьпяшаюцца даць сваю ацэнку ў гэтай справе.

Тацьцяна Равяка: Праваабаронцы заўсёды прымаюць нейкія рашэньні і робяць заявы датычна нейкай справы толькі ў выпадку, калі пра яе падрабязнасьці і акалічнасьці становіцца вядома. Часам гэта вельмі проста і ад моманту ўзяцьця пад варту чалавека, яшчэ на этапе сьледства абсалютна відавочная палітычная матывацыя абвінавачваньня і тое, як будзе разьвівацца сьледства і якім чынам будзе праходзіць суд. Так, напрыклад, калі адбываліся арышты пасьля 2010 году, або пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2006 году, або ў 2008 годзе, калі былі страйкі прадпрымальнікаў, то па шматлікіх справах адразу ж можна было сказаць, што яны палітычнаматывааваныя. Таму літаральна з моманту затрыманьня мы казалі, што гэтыя асобы палітвязьні. Але ёсьць справы, якія больш складаныя. Да такіх і належыць справа ксяндза Лазара. Калі не відавочна, што ж ёсьць ў справе, якія матывацыі. І гэта не першая такая справа. Я нагадаю, што калі распачыналася справа Мікалая Аўтуховіча, таксама на парваабароноцаў аказваўся ціск, што не з моманту затрыманьня лічым яго палітвязьнем. І сапраўды, гэта было так. Там працаваў адвакат, які мог ацэньваць матэрыялы справы. І паводле яго меркаваньня на этапе сьледства было заўчасна прымаць нейкае рашэньне. І вось калі адбыўся адкрыты суд, і калі тыя паказаньні, якія даваліся падчас этапа расьледаваньня аказаліся безпадстаўнымі: людзі проста ад іх адмовіліся, што яны давалі іх пад ціскам, тады мы пабачылі, што рэальна справа развальваецца. Тады можна было агучыць, што перасьлед палітычнаматываваны, што суд і прысуд палітычнаматываваныя і спадар Аўтуховіч палітвязень. Былі таксама і такія справы, па выніках якіх не было прызнаньня палітвязьнем. Гэта справа спадара Малчанава – дарэчы, нядаўняя справа. Яго абвінавачвалі ў крадзяжы металалому і падчас суду было відавочна, што спадар Малчанаў ведаў, што тэрыторыя зачыненая, гэта абароненая зона, што ім былі прадпрынятыя, прычым сьвядома, захады, якія супярэчаць закону. Але і прысуд быў, з улікам яго трэцяй судзімасьці, прапарцыйны, то бок, ён не быў завышаны ў сувязі зь яго палітычнай дзейнасьцю, ці яго ранейшым статусам палітвязьня. Тады мы сказалі: не. У справе ж ксяндза Лазара таксама цяпер недахоп інфармацыі. Гэта спараджае такія часам эмацыйныя дзеяньні, або заявы, ў тым і абвінавачваньні. Але нават у тых, хто агучвае такія меркаваньні калі спытаць, а на якой падставе, чаму яны такім чынам кажуць, што ў матэрыялах справы? Яны таксама на гэта не адкажуць. Мы ж даражым сваім меркаваньнем. І не жадаем, каб статус палітвязьня стаў банальнай нейкай разменнай манетай. Мы не жадаем, каб ён быў дэвальваваны. Таму нашае рашэньне прымаецца выключна сыходзячы з абставінаў справы. І калі будзе інфармацыя, калі будзе суд, зразумела, што мы будзем патрабаваць адкрытага суда, то тады і будзе пазыцыя.

– Але ці няма пытаньняў ў праваабаронцаў да такіх момантаў, як затрыманьне ксяндза, ўтрыманьне за кратамі, хада сьледства? Няўжо няма парушэньняў, і нязўжо гэта не фіксуецца?

Тацьцяна Равяка: Я думаю, што там насамрэч досыць шмат парушэньняў. Яшчэ нават ў жніўні, калі была агучаная інфармацыя аб арышце нейкага там сьвятара, мы зрабілі запыт, з патрабаваньнем агучыць, хто затрыманы, на падставе чаго, і дзе ўтрымліваецца. Гэтыя зьвесткі не зьўляюцца таямніцаю сьледства і іх агучылі. Але на жаль, болей інфармацыі мы не маем. Чаму гэтай інафрмацыі няма і яна не паступае – цяжка сказаць, магчыма, што яе проста няма. Магчыма, што справа проста сфальсіфікаваная, можа нешта яшчэ. Але пры адсутнасьці разуменьня, што ж насамрэч адбываецца мы не можам рабіць нейкія заявы. Гэта будуць заўчасныя заявы і мы не лічым магчымым іх рабіць. Зразумела, сытуацыя з ксяндзом Лазарам сама па сабе незвычайная. Але толькі таму, што гэта сьвятар – гэтага вельмі мала, каб назваць яго палітвязьнем. Мы абапіраемся на зьдзейсьненае чалавекам. Магчыма, што гэтая справа цалкам фальсіфікаваная, і калі гэта акажацца праўдай, то нашае рашэньне будзе адпаведным і не прымусіць сябе чакаць. Увогуле прызнаньне палітвязьнем – гэта абарона, якую атрымлівае чалавек, ў тым ліку і на міжнародным ўзроўні. Мы ж не можам ўключыць некага ў ліст і прыйсьці з гэтым да нашых партнэраў. Якім чынам мы патлумачым міжнароднай супольнасьці, а чаму мы прынялі такое рашэньне. Усё павінна быць абгрунтавана і зразумелым. Канечне, было б добра, калі і журналісты, і актывісты ўкладалі болей сэнсу ў свае словы і проста так не кідаліся абвінавачваньнямі. Трэба ведаць падыходы і метады праваабаронцаў. І лепш, калі крытыкуецца нашая агучаная пазыцыя, бо калі мы не зрабілі заявы, то значыць гэтаму ёсьць сваё тлумачэньне.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Мацукевіч
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Анатоль Лябедзька
  • Аляксандар Казакоў
  • Андрэй Дзьмітрыеў