Вяртанне «Пагоні»

19 верасня 1991 года нацыянальным сімвалам вярнулі статус дзяржаўных.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» заставаліся дзяржаўнымі да 1995 года, калі пасля рэферэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам, была вернутая перайначаная савецкая сімволіка.

Таксама 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб змене назвы краіны: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала Рэспублікай Беларусь.

Гербу «Пагоня» – больш за 600 гадоў. Выява збройнага вершніка была папулярным сімвалам ва Усходняй Еўропе. Да 1366 года адносіцца дакумент з пячаткай, які паказвае вершніка з мячом. З канца XIV стагоддзя вершнік намаляваны на фоне геральдычнага шчыта – на пячатках вялікіх літоўскіх князёў Ягайлы і Вітаўта.

Беларуска-літоўскія летапісы першай паловы XVI стагоддзя прыпісваюць стварэнне герба легендарнаму вялікаму князю Нарымунту Раманавічу XIII стагоддзя.

«Пагоня» была элементам герба Рэчы Паспалітай да яе падзелу ў 1795 годзе. Пасля гэтага «Пагоня» як частка некаторых губернскіх гербаў трапіла ў склад дзяржаўнага герба Расеі. Да 1900 года «Пагоня» з’яўлялася асноўнай альбо складовай часткай 22-х гербаў гарадоў Расейскай Імперыі, трох губерняў і адной вобласці.

У 1918 годзе «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі, у савецкі час яны былі пад забаронай, але заставаліся сімваламі супраціўлення. Імі яны застаюцца і цяпер.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Сяргееў
  • Зьміцер Дашкевіч
  • Аляксей Янушэўскі
  • Cяргей Антончык