Яцэк Сарыюш-Вольскі: Сітуацыя з палітвязьнямі ў Беларусі сапраўды хворая

Пакуль не адбудзецца поўнага вызваленьня і рэабілітацыі палітычных вязьняў у Беларусі, нармалізацыі стасункаў на лініі Брусэль-Менск не адбудзецца, выказаў такое меркаваньне сайту palitviazni.info дэпутат Эўрапейскага парламента, сябра дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю і віцэ-прэзыдэнт Эўранэсту Яцэк Сарыюш-Вольскі. І Эўразьвяз не зьменіць свайго патрабаваньня.

Яцэк Сарыюш-Вольскі: Сітуацыя з палітвязьнямі ў Беларусі сапраўды хворая. Чакаць уладам краіны на тое, каб адбылося адкрыцьцё Эўропы, каб распачаўся нейкі дыялог з Захадам цяпер не выпадае. Увогуле кантакты на афіцыйным ўзроўні на лініі Брусэль-Менск будуць адсутнічаць да таго часу, пакуль вязьні сумленьня будуць за кратамі. Але не толькі вызваленьне палітычных вязняў стане пачаткам зьмены гэтай сытуацыі. Павінна быць абавязковая рэабілітацыя вязьняў сумленьня.

– Але гэтая пазыцыя Эўрапарламенту як часта даводзіцца да афіцыйнага Менску?

Яцэк Сарыюш-Вольскі: Цяпер Эўрапарламент фактычна не мае аніякіх кантактаў з афіцыйнымі ўладамі краіны. Чакаецца, што падчас лістападаўскага саміту Усходняга партнёрства ў Вільні будзе прысутны міністр замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей. Але на дадзены момант нейкія кантакты ёсьць фактычна толькі на ўзроўні амбасадараў у Менску. Але ўлады Беларусі цудоўна ведаюць пра нашую пазыцыю. Не раз і не два разы яна агучвалася, праўда, у аднабаковым парадку Эўракамісіяй, міністрамі замежных справаў краін Эўразьвязу, а таксама і Эўрапарламентам.

– Ці можна казаць, што цяпер ініцыятыва па наладжваньні стасункаў з Эўразьвязам менавіта на баку беларускіх уладаў? Замарожваньне санкцыяй ў адносінах да міністра замежных справаў Беларусі сьведчыць пра гэта? Улады краіны ў адказ павінны вызваліць палітвязьняў?

Яцэк Сарыюш-Вольскі: Мы чакаем ўжо досыць даўно такіх крокаў ад афіцыйнага Менску. І замарожваньне санкцыяў у адносінах да Макея не абазначае нейкіх зьменаў у нашых патрабаваньнях. Бо першым пунктам зьяўляецца вызваленьне ўсіх палітычных вязняў у краіне. А што да санкцыяў, што гэта проста тэхнічны момант. Ёсьць прычыны паводле якіх мы не можам цяпер наўпрост добра і плённа кантактаваць з вышэйшымі чыноўнікамі краіны. Але яшчэ з моманту, калі міністрам замежных справаў Беларусі быў Сяргей Мартынаў, у Эўразьвязе стала практыкай кантактаваць, ці дакладней, падтрымліваць кантакт менавіта з гэтым чыноўнікам, менавіта на такім ўзроўні. Таму падсумоўваючы адзначу, што санкцыі былі прыпыненыя не з асобы Уладзіміра Макея, але ў адносінах да чыноўніка, праз якога магчыма даводзіць свае патрабаваньні для наладжваньня поўнацэннага дыялогу. Але ці прынясе гэта плён, ці будуць вызваленыя палітвязьні? Канечне, мы жадаем гэтага і імкнемся ў выніку менавіта да гэтага. Але пра гэта можна будзе казаць пазьней. Пакуль жа мы бачым, што сытуацыя з правамі чалавека не зьмяняецца, калі не сказаць, што толькі яшчэ больш пагаршаецца.

– Чаму, на Вашую думку, улады Беларусі не сьпяшаюцца нармалізаваць дыялог з Эўразьвязам, чаму не чуюць патрабаваньняў?

Яцэк Сарыюш-Вольскі: Па-першае, афіцыны Менск проста не размее, што губляе! А па-другое, мне падаецца, што падтрымка Лукашэнкі ў Беларусі пакуль што на досыць высокім узроўні, таму і няма патрэбы рабіць такія жэсты ў адносінах да Эўразьвязу. Таму мы бачым такое балансаваньне паміж Масквою і Брусэлем і не жадае зьменаў сваёй палітыкі. Гэта совеасаблівая філасофія існаваньня, ці выжываньня палітычнага рэжыму.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні