“Доля героя – быць на крыжы”: Вольскі даў канцэрт у падтрымку палітвязняў (фотарэпартаж)

Трыа Лявон Вольскі – Алег Гарус – Павел Аракелян дало бясплатны канцэрт на сядзібе БНФ у межах музычнага марафону салідарнасці з палітвязнямі.

Канцэрт Вольскага быў працягам акцыі “Музычны марафон салідарнасці”, у якім бяруць удзел беларускія дзеячы культуры. Да гэтага на сядзібе БНФ выступалі Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Пушкін, плануюцца выступы Андрэя Мельнікава, Аляксандра Памідорава ды іншых. Мэта такіх імпрэзаў – нагадаць грамадству пра 16 палітвязняў.

Пачаўся канцэрт з малітвы. Арганізатар вечарынаў Алесь Макаеў прачытаў “Ойча наш” з такім пачаткам: “Божа, дапамажы вызваліць палітвязняў” ды пералічыў імёны несправядліва асуджаных да зняволення. Лявон Вольскі перад выступам зазначыў, што пагадзіўся на гэты выступ не раздумваючы: “Мы граем тут, бо хочам хоць неяк выказаць падтрымку гэтым людзям. Праблема палітвязняў ёсць, але на яе не звяртаюць увагі дзяржаўныя СМІ ды шмат хто з палітычных дзеячаў”, – сказаў музыка і прыгадаў свайго цесця, былога дырэктара геадэзічнага інстытута, які таксама некалі трапіў за краты. “Таму я ведаю, што значыць збіраць перадачы”, – зазначыў Вольскі.

Да музыкі далучыліся гітарыст “Крамбамбулі” Алег Гарус і саксафаніст Павел Аракелян. Разам яны сыгралі песні розных часоў і з розных музычных праектаў, якія аб’ядноўвала толькі тое, што напісаў іх Лявон. Акром усіх чаканых твораў з праектаў “Я нарадзіўся тут” і “Народны альбом”, а таксама N.R.M. і “Крамбамбулі” гучалі рэдкія рэчы. У прыватнасці, Вольскі выканаў песню “Хто натхніць мяне на смерць”, напісаную на верш Анатоль Сыса, прыгадаў “Зямлю” з рэпертуару “Мроі”. “Яна была напісаная ў 1989 годзе і ёсць доказам таго, што нічога ў нас не змянілася, хіба што ў горшы бок”, – зазначыў музыка. Прагучала і кампазіцыя “Роля героя”, якую ў праекце “Такога няма нідзе” выконвае вакаліст “Ляпіса Трубяцкога” Павел Булатнікаў. Прыпеў яе са словамі “Роля героя – цяжкая роля, доля героя – быць на крыжы” вельмі пасавала да спецыфікі гэтай імпрэзы.

Спяваючы трылогію пра Казіка і Юзіка з “Народнага альбома”, Лявон ледзь не абмыліўся, назваўшы герояў Саўкам і Грышкам. Нягледзячы на просьбы, песні з апошняга палітычна-сатырычнага праекту не выконваліся, хоць гледачы вельмі прасілі, асабліва “Амерыканку”. Вольскі спаслаўся на кепскую памяць і паабяцаў наступным разам падрыхтавацца лепей і выканаць просьбы па максімуме. На “Простых словах” спявак заклікаў заняцца “супольным музіцыяваннем”, і ўсе з ахвотай адгукнуліся, падпяваючы і надалей. Па выкананні фінальных “Гасцей” музыкаў не адпусцілі, таму пасля невялічкай нарады вырашана было заспяваць “Тры чарапахі” ў апошняй рэдакцыі, дзе замест “Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе” пяецца “Ты не чакай, чаканне дастала”.

Пры канцы музыкі атрымалі падарунак ад арганізатараў вечарыны. Кожнаму ўручылі па мяккім мядзведзіку з бел-чырвона-белым сцяжком у лапах. Вольскі падсумаваў: “Калі людзі пакутуюць тут за кратамі, мы на волі не мусім сумаваць і дэпрэсаваць, каб мець сілы рабіць для іх усё магчымае”.



Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч

budzma.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Cяргей Антончык
  • Юры Казак
  • Васіль Старавойтаў
  • Віктар Івашкевіч
  • Сяргей Парсюкевіч