Абарона Марыі Калеснікавай хадайнічае аб змяненні ёй меры стрымання

5 кастрычніка абаронцамі палітзняволенай Марыі Калеснікавай было пададзена ў Галоўнае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу ў сувязі з тым, што ў яе дзеяннях адсутнічае склад злачынства, у якім яна абвінавачваецца.

Абаронцы звяртаюць увагу на тое, што ўсе выступы і заявы Марыі знаходзяцца ў вольным доступе ў сетцы Інтэрнэт і, прааналізаваўшы іх, можна пераканацца ў тым, што ні ў адным не ўтрымліваюцца заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

“Больш за тое, у змесце публічных выступаў і заяў Марыяй акцэнтуецца ўвага на шматлікія і неабвержныя факты грубейшага парушэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь іншымі асобамі як да, так і пасля прэзідэнцкіх выбараў, – дадаюць адвакаты Марыі Калеснікавай. – А гэта якраз і складае пагрозу нацыянальнай бяспекі краіны.

Такім чынам, дзеянні Марыі накіраваны не на прычыненне, а на прадухіленне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, абвінавачванне носіць агульны, не пэўны характар, што з’яўляецца парушэннем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, абцяжарвае права Марыі Калеснікавайа на абарону.

***

У 2020 годзе Марыя Калеснікава ўзначаліла штаб Віктара Бабарыкі, які вылучаўся на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах-2020.

18 жніўня яна ўвайшла ў асноўны склад «Каардынацыйнага савета па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу», а 19 жніўня была выбрана ў яго прэзідыум.

7 верасня Марыя Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Мінска. Раніцай 8 верасня з’явілася інфармацыя аб тым, што яе спрабавалі сілком дэпартаваць з Беларусі ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт і зноў была затрыманая.

Дзяржпагранкамітэт Беларусі заявіў, што члены Каардынацыйнага савета Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў прыкладна ў 4 гадзіны раніцы перасяклі мяжу з Украінай. Паралельна беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Краўцоў і Раднянкоў “гэтай ноччу збеглі за мяжу”, а Калеснікаву затрымалі.

9 верасня бацька Марыі Калеснікавай паведаміў, што яна арыштаваная. Марыя Калеснікава знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь). 12 верасня яе перавязлі з мінскага СІЗА ў ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіна.

16 верасня Следчы камітэт Беларусі прад’явіў Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Праваабарончай супольнасцю Марыя Калеснікава прызнана палітвязнем.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Кіркевіч
  • Яўген Васьковіч