Былы палітвязень Юрый Рубцоў: У сувязі з каранцінам у мяне ў Германіі спынена вучоба

Жыхар Гомеля Юрый Рубцоў, які папрасіў у Германіі палітычны прытулак з-за палітычнага пераследу ў Беларусі, распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як яму жывецца ў замежжы ва ўмовах эпідэміі каранавіруса.

“Каранцін у Германіі да 19 красавіка, але баюся, што ўся гэтая сітуацыя зацягнецца надоўга”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня, але ён вырашыў падаць апеляцыю на адмову.

Пазней нямецкі суд разглядзеў апеляцыю гамяльчаніна і дазволіў яму застацца ў Германіі на тры гады.

– Сітуацыя з эпідэміяй у Германіі сур’ёзная, але без вялікай панікі, — кажа Юрый Рубцоў. – Гэта тое, што я бачу на вуліцах і ў парках Нюрнберга.

Улады ўвялі каранцін яшчэ 12 сакавіка – закрытыя школы, рэстараны, кафэ і нават дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. У крамах для касіраў зрабілі адмысловую пласцікавую абарону. Але для людзей строгай забароны хадзіць толькі ў масках няма. Афіцыйна дазволена прагульвацца аднаму альбо ў пары, выгульваць сабак.

Па радыё кожныя паўгадзіны гучыць інфармацыі па сітуацыі з кранавірусам, да ўрачоў раяць звяртацца толькі ў сур’ёзных сітуацыях. Запіс да доктара ў абавязковым парадку па тэлефоне.

– Як сябе грамадства паводзіць у гэтай сітуацыю?

– Па-рознаму. Напрыклад, маскі апранаюць не ўсе, нават у грамадскім транспарце. Раніцай працэнтаў 30 жыхароў горада ходзяць у масках, вечарам — усяго каля 5 працэнтаў. Пры гэтым зранку больш сталыя гуляюць, а вечарам шпацыруе моладзь.

Адзначу таксама, што шмат немцаў паліць і ўжывае алкаголь, нягледзячы на папярэджанні медыкаў.

З магазінаў працуюць у асноўным харчовыя, і, напрыклад, асабіста ў мяне з-за гэтага была праблема з набыццём абутку. Хаця ў апошні час абутак і адзенне сталі прадаваць нават у харчовых крамах. Выбар не вельмі багаты, але што зробіш?

Скарацілася колькасць цягнікоў і авіярэйсаў. А вось паліва патаннела — калі раней літр дызельнага паліва каштаваў 1,25 еўра, то цяпер 1,05.

– Наколькі вядома, вы вучыліся на курсах па вывучэнні нямецкай мовы…

– У сувязі з каранцінам у мяне таксама спынена вучоба, пакуль вядома, што каранцінныя меры будуць да 19 красавіка. Але ўпэўнены, што іх працягнуць. Баюся, што ўся гэтая сітуацыя зацягнецца надоўга…

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Сяргееў
  • Вінцук Вячорка
  • Зьміцер Дрозд