Маладафронтаўца Піліпа Шаўрова перадумалі накіроўваць у Навінкі

Піліп Шаўроў быў затрыманы ў сувязі з інцыдэнтам з помнікам Пушкіну і раней паведамлялася, што яго планавалі накіраваць на экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках.

“Жонка Піліпа паведаміла, што яго ўсё-такі не паслалі ў псізіятрычную лякарню”, – распавёў сайту palitviazni.info палітык і былы палітвязень Павел Севярынец.

Нагадаем, што Шаўрову прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (“Хуліганства”).

Піліпа падазраюць у тым, што ён размаляваў чырвонай фарбай помнік расійскаму паэту Аляксандру Пушкіну. На наступны дзень пасля затрымання прэс-служба МУС паведаміла, што Шаўроў сам прыйшоў у міліцыю і прызнаўся, што менавіта ён размаляваў помнік.

– Жонка Піліпа Шаўрова сказала, што Піліпа ўсё-такі не накіроўвалі на экспертызу, і ён па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, – кажа Павел Севярынец. – Альбо павязуць пазней, альбо проста звазілі на кароткі час і вярнулі ў следчы ізалятар.

Піліп даслаў першы ліст жонцы, у якім ён дзякуе ўсіх за падтрымку, а мы працягваем збор сродкаў, каб дапамгчы сям’і актывіста.

– Адкуль пайшла інфармацыі, што Піліп Шаўроў патрапіў у Навінкі?

– Пра гэта праз следчага паведамілі жонцы, якая збіралася адправіць перадачу мужу. А затым адвакат сказаў ужо, што ў Навінкі не вязуць.

Я думаю, такая сітуацыя склалася, бо загады па справе аддаюцца не ў кабінеце следчага, а ў іншых структурах. Магчыма, вырашылі, што падымецца вялікі рэзананас, калі хлопца павязуць на экспертызу толькі за тое, што той пафарбаваў рукі помніку.

Відаць, пралічылі, што будзе негатыўная рэакцыя не толькі ў грамадстве, але пра гэта даведаюцца і на міжнародным узроўні. Яшчэ ж нядаўна міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей нешта распавядаў Дзяржсакратару ЗША пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

– Днямі і расійскі пасол у Беларусі выказаўся па гэтай справе. На яго думку, максімальнае пакаранне для хлопца было б грамадскае асуджэнне вядомых людзей, не больш за тое…

– І ў яго словах ёсць здаровае зерне. Саджаць за перфоманс у турму – гэта абсурд! Атрымліваецца, што нашы сілавікі і ўлады бягуць наперадзе паравоза. Яны больш рускія, чым самі рускія.

***

Дапамагчы сям’і Піліпа Шаўрова можна тут:

https://molamola.by/campaigns/1986?tab=about&fbclid=IwAR0hkPit1awX5KHQ4cgkjMOmAyfi8E3ydAtUYs5lHzoTd9LwYfOXjEgucBs).

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні