Зміцер Казлоў: Буду займацца тым, чым і раней займаўся

Блогер Зміцер Казлоў (“Шэры Кот”) распавёў сайту palitviazni.info пра сваё знаходжанне ў СІЗА, пераслед і будучыя планы.

“У любы момант могуць ізноў кінуць за краты, – кажа Зміцер. – Напэўна, выкарыстаюць нейкі зручны момант, калі патрэбна будзе ізаляваць перад якімі-небудзь святамі ці перад выбарамі…”

Зміцер Казлоў быў затрыманы 25 студзеня, на наступны дзень у судзе Аршанскага раёна яго асудзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня і адправілі адбываць 15-суткавы арышт, адсядзеў 25 сутак, паведамляе spring96.org.

Падчас знаходжання пад вартай яго асудзілі яшчэ пяць разоў, і на кожным судзе ён атрымліваў новыя 15 сутак. Агулам блогер атрымаў 105 сутак арышту.

Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай наконт адміністрацыйнага пераследу Зміцера Казлова. Праваабаронцы выказваюць пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера і патрабуюць адмены ўсіх вынесеных у дачыненні да Змітра пастаноў. Яны нагадваюць, што ў выпадку працягу арышту блогер будзе лічыцца палітычным зняволеным, як і астатнія арыштаваныя ўдзельнікі мірных акцый.

– Дваццаць пяць сутак у ізалятары часовага ўтрымання – гэта, безумоўна, складана, хаця многія кажуць, што ў параўнанні з Мінскам у Оршы ўмовы ўтрымання больш цывілізаваныя, – кажа Зміцер Казлоў. – Я чытаў, што Паўлу Севярынцы, напрыклад, забаранялі на Акрэсціна паперу і асадкі, а ў нас у гэтым плане ніякіх забаронаў не было.

Што датычыцца харчаванне, то звычайнае для такіх устаноў. Давалі есці, каб не памерлі, але ж зразумела, што не ў рэстаран патрапіў.

– Колькі чалавек было ў камеры?

– Спачатку ўтрох знаходзіліся ў камеры, якая разлічана на чацвярых, затым былі ўдвух. Публіка таксама звычайная – тыя, каго адправілі на суткі за п’янкі, дробныя крадзяжы, нейкія сямейныя скандалы. Людзі ў розныя сітуацыя трапляюць.

– Чым займаліся амаль месяц за кратамі?

– Хадзіў па крузе, чытаў кнігі, быў у роздумах. Калі пачалі лісты прыходзіў, то адказваў.

– З ізалятары вас на суды вас вазілі?

– Ужо праз некалькі дзён, як прывезлі ў ІЧУ, мне прынеслі спачатку два пратаколы, а затым яшчэ тры. У суме ж атрымалася шэсць пратаколаў за ўдзел у акцыях і заклікі да ўдзелу ў іх. Па ўсіх шасці судзілі, і я прысутнічаў на судах. Вазілі туды пад канвоем.

– Хто яшчэ быў на судах?

– Я, суддзя, сакратар суда і канвой. З грамадскасці пра іх ніхто не ведаў, і нават я даведваўся пра пачатак працэса ў апошні момант. Сядзіш у камеры, прыходзіць дзяжурны і кажа: “Казлоў, збірайся на чарговы суд”.

– Адвакат вас не наведваў?

– 14 студзеня прыйшла жанчына, якую адправіў віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, каб тая пацікавілася, колькі на мяне складзена пратаколаў і за што. Інфармацыя пра мяне была супярэчлівая, а я, натуральна, нічога напісаць на волю з гэтай нагоды не мог. Такую карэспандэнцыю проста не прапусцілі б.

– Штрафы таксама вам прысудзілі?

– Я дакладна ведаю, што тры штрафы ў мяне ўжо былі яшчэ да таго, як патрапіў у ізалятар.

– На вас засталося “вісець” яшчэ 80 сутак адміністрацыйнага арышта…

– Так, у любы момант могуць ізноў кінуць за краты. Праўда, праваабаронцы кажуць, што проста так гэта рабіць не будуць, а выкарыстаюць нейкі зручны момант, калі патрэбна будзе ізаляваць перад якімі-небудзь святамі ці перад выбарамі.

– Якія вашы далейшыя планы?

– Буду займацца тым жа, чым і раней – наведваць нейкія мерапрыемствы, праводзіць прамыя трансляцыі. Праўда, ужо цвёрдых планаў не складзеш, бо, як ужо казаў, закрыць могуць у любы час.

– Акрамя відэаблогерства чым-небудзець яшчэ займаецеся?

– Гэтая справа займае ўвесь мой час, таму на нейкую іншую працу яго проста не застаецца. Відэаблогерства – гэта маё і хобі, і вобраз жыцця, і сродак для існавання.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кастусь Лукашоў
  • Васіль Лявонаў