Чаму беларускім уладам “мыліць вока” праца Рады па правах чалавека ААН?

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч распавёў сайту palitviazni.info, чаму беларускім ўладам так не падабаецца дзейнасць Рады па правах чалавека ААН, і хто насамрэч займае пазіцыю рэпрэсіўнага органа.

“Беларусь вельмі выбарачна падыходзіць да пытанняў супрацоўніцтва з органамі ААН“, – адзначае праваабаронца.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў, выступаючы на пленарным пасяджэнні 74-й сэсіі Генеральнай Асамблеі ААН па дакладзе Рады ААН па правах чалавека, раскрытыкаваў дзейнасць гэтай самай рады, паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Рыбакоў адзначыў, праца Рады ААН па правах чалавека «палітызаваная”, “з двайнымі стандартамі”, яна «пераўтвараецца ў рэпрэсіўны орган”.

“Такія заявы адносна працы Рады па правах чалавека ААН беларускі бок робіць не першы раз, – кажа Валянцін Стэфановіч.Раду ўвесь час абвінавачваюць у палітызацыі ў пытаннях правоў чалавека і гэдак далей.

На мой погляд, гэта найперш звязана з тым, што ў свой час быў прыняты мандат спецдакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, і нагодай для стварэння такога інстытута сталі масавыя рэпрэсіі беларускіх уладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году.

Улады гэты інстытут не прызнаюць, адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з ім і лічаць такія падыходы палітызаванымі. І мы таксама заўсёды адзначалі, што Беларусь не супрацоўнічае ў поўным аб’ёме з дамоўнымі органамі ААН”.

Са слоў праваабаронцы, гэта выражаецца і ў непрызнанні мандата, і ў адмове выканання рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН па індывідуальных зваротах беларускіх грамадзян, адмаўляюцца беларускія ўлады прызнаваць і іншыя працэдуры Камітэта па правах чалавека ААН.

“Усё гэта ў сукупнасці азначае, што Беларусь вельмі выбарачна падыходзіць да пытанняў супрацоўніцтва з органамі ААН, – дадае Валянцін Стэфановіч. – Рашэнні Камітэта па правах чалавека, як ужо казаў, афіцыйны Мінск ігнаруе, не раз заяўляючы, што яны не абавязковыя для выканання.

Але такім чынам нават нівелюецца Канстытуцыя, якая гарантуе права грамадзянам Беларусі звяртацца ў міжнародныя органы па фактах парушэнняў іх правоў з боку дзяржавы.

На жаль, механізмаў рэалізацыі такога права ў нас няма. Вы можаце колькі заўгодна скардзіцца, але беларускія ўлады ніякіх мераў па аднаўлення грамадзяніна ў парушаных правах, якія былі ўстаноўлены Камітэтам па правах чалавека, не прымае”.

Беларускія ўлады таксама патрабуюць Раду ААН па правах чалавека скасаваць інстытут спецдакладчыка.

“Мы са свайго боку неаднаразова адзначалі, што мандат уводзіўся да таго часу, пакуль у краіне не будуць істотныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека, – кажа праваабаронца. – Пакуль такіх зменаў мы не назіраем. Узровень рэпрэсій можа змяншацца, але і вялікага прагрэсу няма.

Тым больш, што набліжаецца прэзідэнцкая кампанія, і, мяркую, мандат спецдакладчыка яшчэ спатрэбіцца, бо ніхто не дае гарантый, што выбары ў наступным годзе пройдуць на больш-менш спакойным фоне. У Беларусві нярэдка кампаніі такога кшталту суправаджаюцца павышаным узроўнем рэпрэсій”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Паліенка
  • Юрый Рубцоў
  • Яўген Сувораў
  • Сяргей Вазьняк