Міхаіл Жамчужны: З-за адсутнасці вітамінаў ем яйкі са шкарлупіннем і рыбу з касцямі

Палітвязень Міхаіл Жамчужны ў лісце да праваабаронцы Леаніда Свеціка распавёў пра сваё жыццё ў калоніі.

“За каляндарны год (з 1 кастрычніка 2017 года па 1 кастрычніка 2018 года) правёў 270 сутак у ШІЗА”, – паведаміў Міхаіл.

Леанід Свецік кажа, што лістоў ад Міхаіла Жамчужнага не было працяглы час, пакуль той знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Да таго ж, не ўсе лісты і трапляюць з-за цэнзуры на волю.

“У рэшце рэшт, я дачакаўся адказу ад Міхаіла, – распавядае Леанід Свецік. – Найперш той падзякаваў усіх, хто падтрымлівае яго і дапамагае. Асабліва важна, каб была інфармацыйная падтрымка, яму гэта вельмі патрэбна. Напісаў таксама, што многія лісты не выходзяць з калоніі. Ён гэта абскардзіў у пракуратуру, высвятлілася, што толькі 12 яго лістоў дайшлі да адрасатаў”.

Узгадаў Міхаіл Жамчужны і пра свой стары канфлікт з “лідарам калоніі”, які адбыўся напачатку году, калі той самы “лідар” спрабаваў напасці на палітвязня.

“Аўтарытэт” аб’явіў Жамчужнаму нізкі статус быццам бы па запісцы з іншай калоніі, — рассказвае Леанід Свецік. – Маўляў, там казалася, што Міхаіл Жамчужны за дапамогу асуджаным быццам бы браў цыгарэты і шакалад. І гэта стала нагодай для таго, каб аб’явіць яму нізкі статус. Але высвятілася па нейкіх каналах, што такога не было. І таго крымінальнага лідара за гэта таксама панізілі ў ягоным статусе. Вось і вырашыў, напэўна, адпомсціць Жамчужнаму”.

“За каляндарны год ( з 1 кастрычніка 2017 года па 1 кастрычніка 2018 года я правёў 270 сутак у ШІЗА, – піша Міхаіл. – Пры гэтым некалькі разоў па 100 сутак запар. Пасля маёй скаргі былі праведзены праверкі ў калоніі. І я не маю намеру спыняцца. Катаванні і вопыты над зняволенымі буду абскарджваць у Вярхоўны суд, а, калі неабходна, буду звяртацца і ў міжнародныя інстанцыі”.

Палітвязень скардзіцца, што з-за пастаяннага знаходжання ў СІЗА ён пазбаўлены прагулак, а “без сонечнага свету з арганізма вымываецца кальцый, з’яўляюцца дадатковыя хваробы, і гэта можа вельмі сур’ёзна адбіцца на здароўі. Змагацца з гэтым вельмі складана, бо ўсё ў руках адміністрацыі калоніі”.  

“Міхаіл паведаміў, што пасылкі і бандэролі яму забаронены, купіць вітаміны таксама не дазваляюць, – дадае праваабаронца. – З сакавіка гэтага году ён напісаў восем заяў на тое, каб дазволілі вітаміны. У жніўні прыйшла такая бандэроль, але яе забрала адміністрацыя”.

“Каб хоць нейкім чынам забяспечыць арганізм вітамінамі, ем яйкі са шкарлупіннем і рыбу з касцямі, – напісаў Жамчужны. – Акрамя таго, дзве гадзіны ў суткі займаюся спортам – гімнастыкай і практыкаваннямі для зроку”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: spring96.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Квяткевіч
  • Павал Шарамет
  • Эдуард Пальчыс
  • Яраслаў Грышчэня
  • Міхаіл Жамчужны