Тэма палітвязняў у Беларусі ізноў прагучыць у ААН?

25 чэрвеня ў Жэневе на 38-й сесіі Савета па правах чалавека спецыяльны дакладчык ААН Міклаш Харасці прадставіць свой чарговы даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

“Зараз улады не кідаюць за краты палітычных лідараў, але ж тэма палітвязняў не знікла. На дыпламатычным узроўні гэтая тэма гучыць, а Міклаш Харасці, думаю, выкажацца ў ААН з гэтай нагоды і яшчэ больш жорстка”, – распавёў сайту palitviazni.info старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак.

Як вядома, даклад ахоплівае перыяд з 1 красавіка 2017 года да 30 красавіка 2018 года, але ў яго ўключаецца агляд усяго шасцігадовага перыяду дзеяння мандату з доказамі цыклічнасці праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі.

Паўнамоцтвы Міклаша Харасці на пасадзе Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі скончваюцца напрыканцы кастрычніка гэтага  года.  Да гэтага часу, акрамя прадстаўлення даклада на сесіі Савета па правах чалавека ААН, ён прадставіць яго і на Генеральнай Асамблеі ААН.

“Мяркую, што Міклаш Харасці ў сваім дакладзе абавязкова закране тэму палітвязняў у Беларусі, – кажа старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак. – Праўда, зараз крыху іншая сітуацыя ў краіне і іншыя стасункі беларускіх уладаў з Захадам. Змяніліся паводзіны ўладаў, і некалькі змяніўся партрэт беларускага палітвязня”.

Са слоў Алега Гулака, праблема наяўнасці ў краіне двух палітвязняў – Міхаіла Жамчужнага і Зміцера Паліенкі – па-ранейшаму на слыху, але еўрапейскія палітыкі да гэтага ставяцца своеасабліва.

“Захад адсочваў, каб за кратамі не былі палітычныя апаненты ўлады, а ў гэтым кантэксце Жамчужны і Паліенка як быццам такімі не з’яўляюцца, – дадае суразмоўца. – Хаця мы вызначаем палітвязняў з пунту гледжання парушэнняў матывацыі з боку дзяржавы. Відавочна, што зараз улады не кідаюць за краты палітычных лідараў, але ж тэма палітвязняў не знікла. На дыпламатычным узроўні гэтая тэма гучыць, а Міклаш Харасці, думаю, выкажацца ў ААН з гэтай нагоды і яшчэ больш жорстка”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вячаслаў Сіўчык
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Натальля Радзіна
  • Эніра Браніцкая
  • Юрый Рубцоў