Што прысудзяць фігурантам “справы прафсаюзаў”?

 18 чэрвеня пракуратура перадала “справу прафсаюзаў” у суд Савецкага раёну Мінска. Пра гэта паведаміў намеснік пракурора Мінска Касцюкевіч.

“На фоне паляпшэння стасункаў з Захадам, сустрэч беларускага кіраўніка з прадстаўнікамі Еўрасаюза не думаю, што ўлады пойдуць на прыняцце жорсткага рашэння, – распавёў сайту palitviazni.info адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў. – Як лепшы варыянт, могуць даць штраф…”

 

Нагадаем, што Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). 2 кастрычніка 2017 году Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Па інфармацыі Следчага камітэта, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

“Складана адназначна прагназаваць, чым закончыца гэтая справа, – кажа адзін з прафсаюзных лідараў Аляксандр Бухвостаў. – Але прафсаюзная грамадскасць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой уважліва сочыць за развіццём падзей. Праўда, паўплываць на ўлады асабліва не можа. Як мне падаецца, вынік справы будзе вырашацца не ў судзе, а ў іншых кабінетах. Таму, як захочуць, так і будзе. А вось, якое вынесуць рашэнне, цяжка прадказаць”.

Са слоў Бухвостава, не выключана, што Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік не будуць пазбаўлены волі.

“На фоне паляпшэння стасункаў з Захадам, сустрэч беларускага кіраўніка з прадстаўнікамі Еўрасаюза не думаю, што ўлады пойдуць на прыняецце жорсткага рашэння, – адзначае суразмоўца. – Як лепшы варыянт, могуць даць нейкі штраф. Будзем спадзявацца на лепшае. Таксама трэба сказаць, што ў дадзеным выпадку ідзе парушэнне правоў незалежных прафсаюзаў, таму, як ужо казаў, сітуацыя будзе адсочвацца ўплывовымі міжнароднымі структурамі. Бо тыя праграмы, якія праводзяцца ўнутры прафсаюзных структур, яны існуюць ва ўсім свеце. Але пад крымінальны артыкул трапляюць у Беларусі.

Аляксандр Бухвостаў дадае, што справа мае ярка акрэсленую палітычную афарбоўку.

“Улада хоча даць паказальны ўрок не толькі прафсаюзу РЭП, але і іншым, як трэба сябе правільна весці”, – кажа ён.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні