“Да пратэстаў нікога не цікавіла, што ў гэтага чалавека можа быць патрон…”

Сёння ў судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся суд над былым фігурантам “справы патрыётаў” Андрэем Бяляўскім.

Ён абвінавачваецца ў захоўванні аднага патрона (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса). Па гэтым артыкуле яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – “Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках” і арт. 287 Крымінальнага кодэкса – “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК. Пад час ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон, паведамляе spring96.org.

12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачванне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 “Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў” за захоўванне аднаго патрона.

Праваабаронцы заявілі, што ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.

Я думаю, што гэты працэс палітызаваны, – распавядае сайту palitviazni.info былы палітычны зняволены Мікола Дзядок. – Бо да перыяду вясновых пратэстаў нікога са спецслужб не цікавіла, што ў гэтага чалавека можа быць патрон. Ды і дастаткова паглядзець, у межах чаго фігурант гэтай справы быў прыцягнуты.

Са слоў суразмоўцы, меркаваць пра тое, якім будзе прысуд, складана, бо не зусім зразумела, “што ва ўлады на розуме і з якой мэтай вядзецца пераслед”.

“Адно можна сказаць дакладна, – дадае Мікола Дзядок. – Гэта выразны сігнал усім “змагарам”, каб яны і не думалі пра захоўванне зброі альбо перайманне досведу Майдана ў плане сілавога супраціву карным структурам. Менавіта з гэтым выразным пасылам і праводзіцца дадзеная крымінальнай справа.

palitviazni.info

Фота: nn.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні