Ніна Шыдлоўская: Лёсы хлопцаў могуць стаць разменнай манетаў у палітычнай гульні

Пра “справу патрыётаў”, магчымае развіццё падзей і пошук адваката для Міраслава Лазоўскага  сайту palitviazni.info грамадскі прадстаўнік сем’яў фігурантаў “справы патрыётаў” Ніна Шыдлоўская.

“Як мне падаецца, у праваахоўчых структурах ёсць разуменне таго, што трэба нейкім чынам выходзіць з гэтай непрыгожай сітуацыі. Але як гэта зрабіць? Хутчэй за ўсё, яны пакуль і самі не ведаюць”, – кажа суразмоўца.

Як вядома, фігуранты «справы патрыётаў» распаўсюдзілі заяву, у якой адзначаюць, што тэрмін следства па арт. 287 Крымінальнага кодэкса (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання) зноў прадоўжаны, хаця яны “спадзяваліся, што зацікаўленым дзяржаўным структурам хопіць шасці месяцаў, каб разабрацца і зразумець: падстаў для распачынання крымінальных спраў па артыкулах 293 ч. 3 (“падрыхтоўка масавых беспарадкаў”.) і 287 не было і няма”.

Аўтары па-ранейшаму заяўляюць аб сваёй невінаватасці і перакананыя, што самі арышты і надуманыя абвінавачанні ў крымінальных злачынствах, якія сталі падставай для “справы патрыётаў.

Заяву падпісалі 15 фігурантаў справы.

Нагадаем, крымінальная справа па ч.3 арт.293 КК была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманы больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з- пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў.

— Усе і на самай справе спадзяваліся, што гэтая абсурдная справа будзе спынена, – кажа Ніна Шыдлоўская. – Менавіта на этапе да 21 верасня, калі споўнілася паўгода з дня адкрыцця справы, гэта было б вельмі дарэчна зрабіць. Але гэтага не адбылося. У той жа час, наколькі мне вядома, ніхто з фігурантаў справы нават не ведае, наколькі яна працягнута.

Відавочна, што надыйшоў той момант, калі хлопцы вырашылі дакладна сфармуляваць сваю пазіцыю аб сваёй невінаватасці і агучыць яе публічна. А яшчэ – арганізавана падзякаваць усіх і кожнага за тую падтрымку, што была ім аказана апошнім часам.

– На ваш погляд, чаму справу працягнулі?

– Усе ж заўважылі, што напярэдадні змянілася следчая група. Можна выказваць толькі здагадкі, але тэарэтычна не выключана, што гэта якраз і звязана з працягам справы.

А ўвогуле, як мне падаецца, у праваахоўчых структурах ёсць разуменне таго, што трэба нейкім прыгожым чынам выходзіць з гэтай непрыгожай сітуацыі. Але як гэта зрабіць? Хутчэй за ўсё, яны пакуль і самі не ведаюць.

– Дарэчы, якое тут магло быць выйсце для следчых?

– Аргументавана распавесці, што праведзена грунтоўнае расследванне, ва ўсім разабраліся, і гэтыя людзі, якія праходзяць па “справе патрыётаў”, былі пад падазрэннем, але яны аказаліся невінаватыя. Усе б зразумелі сітуацыю! І гэта было б нармальна, бо пад падазрэнне, па вялікаму рахунку, можа патрапіць любы чалавек. Прафесійна ў сітуацыі разабрацца, спыніць крымінальны пераслед – тут таксама нічога дрэннага для следчых няма. Гэта было б вельмі годна.

– Ганну Бахціну – адваката фігуранта “справы патрыётаў” Міраслава Лазоўскага пазбавілі ліцэнзіі. Хто далей будзе абараняць яго?

–  Бахціну пазбавілі ліцэнзіі, а кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі правяла атэстацыю яшчэ 13 адвакатаў. І, наколькі вядома, сярод тых, хто гэтым разам патрапіў у шэрагі ўмоўна атэставаных, значацца пяць абаронцаў фігурантаў “справы патрыётаў”. Як яны самі кажуць – сталі ўмоўнымі адвакатамі.

Гэта таксама ціск і намёк на тое, каб адвакаты, якія абараняюць патрыётаў, вялі сябе цішэй і не вельмі паказваць сваю кампетэнтнасць. А Міраславу зараз наогул пакуль не можам знайсці адваката. Хаця спадзяемся на лепшае…

– Чым сёння займаюцца тыя, хто яшчэ нядаўна быў у ізалятары?
– Працягваюць справы, якімі займаліся да таго часу, пакуль не была ўзбуджана крымінальная справа. Напрыклад, Міраслаў Лазоўскі распаўсюджвае беларускамоўную літаратуру. Акрамя гэтага, шмат дапамагае, як валанцёр, “Бацькаўшчыне”. Амаль усе вярнуліся на старыя месцы працы і спрабуюць рэалізоўвацца ў розных грамадскіх сферах па узмацненні нацыянальнай ідэнтычнасці.

– Яны застаюцца падазраванымі па справе?

– Так, па-ранейшаму знаходзяцца ў такім статусе. Акрамя таго, далі падпіску аб нявыездзе і неразгалошванні. Пакуль актыўных следчых дзеянняў з хлопцамі не праводзіцца. Адзінае, што рэчы, якія былі канфіскаваны на кватэрах у большасці з іх і ніякім чынам не маюць дачынення да магчымага ходу следства (напрыклад, планшэт жонкі ці грошы бабулі), гэта ўсе не вернута. І ніхто не кажа, калі вернуць.

– Відавочна, што справа развальваецца, бо ў адваротным выпадку ніхто з ізалятара хлопцаў, відаць, не выпускаў бы. Але ж усе памятаюць і словы беларускага кіраўніка вясной гэтага году, які распавёў, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Закрыць справу – гэта значыць па сутнасці абвергнуць словы Лукашэнкі…

– На вялікі жаль, у нашай краіне апошнім часам і на самай справе парушаюцца ўсе межы здаровай логікі. Раней хоць нейкая была, а зараз яе проста не існуе. Таму, безумоўна, ёсць апасенні, што лёсы хлопцаў могуць стаць чарговай разменнай манетаў у палітычнай гульні. Хаця спадзяемся, што здаровы сэнс усё-такі пераможа. Іншае справа, што заява, якую ў свой час зрабіў беларускі кіраўнік, напэўна, унутрана абмяжоўвае дзеянні следчых. Яны працуюць і памятаюць пра тыя словы. І гэта вельмі моцна замінае, каб наогул спыніць “справу патрыётаў”.

– Справа можа стаць прадметам гандлю?

– Як мне падаецца, найперш яна з’явілася дзеля таго, каб збіць хвалю сацыяльных вясновых пратэстаў. Патрэбна было пудзіла для людзей і такое знайшлі ў выглядзе затрыманых “баевікоў”. Але не выключана, што вырашылі адразу двух зайцаў застрэліць – яшчэ і пагандлявацца з Захадам.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юрый Хадыка
  • Наста Дашкевіч
  • Валер Сядоў
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Алесь Круткін