Вячаслаў Касінераў: Хачу паказаць, наколькі хлусліва працуе прапаганда

Маладзёжны актывіст Вячаслаў Касінераў распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму патрэбна змагацца да канца, пра прапаганду на тэлебачанні, асаблівую “любоў” уладаў да анархістаў і пра шлюб з “палітычным падтэкстам”.

“Анархісты прымалі ўдзел у вясновых сацыяльных пратэстах, нашы лозунгі былі дастаткова добра ўспрыняты звычайнымі людзьмі. А сілавікі ведаюць, што з анархістамі дамовіцца ніяк не атрымаецца. Мы набылі пэўную моц, а таму гэта, відаць, і выклікала занепакоенасць органаў”, – кажа суразмоўца.

Як ужо паведамлялася, Вячаслаў Касінераў звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска з позвай аб абароне годнасці і кампенсацыі маральнай шкоды. Адказчыкамі заяўленыя АНГ«Агульнанацыянальнае тэлебачанне» і вядучая яго тэлепраграммы «Нашыя навіны» Кацярына Тышкевіч, Міністэрства ўнутранных спраў і начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў, паведамляе spring96.org.

Нагодай стаў відэасюжэт “Хуліган-анархіст, якія апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда”, у якім, як лічыць Вячаслаў Касінераў, вядзецца гаворка пра яго. Бо менавіта ён накінуў на шыю паліцэйскаму-гарадавому пятлю, знаходзіўся ў СІЗА падчас выхаду праграмы і быў прызнаны палітычным зняволеным шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый.

– У мяне з самага пачатку, калі толькі ўбачыў сюжэт АНТ, не было сумненняў наконт таго, ці варта судзіцца з дзяржаўным тэлебачаннем, – кажа Вячаслаў Касінераў. – Адназначна – варта! Таму зварот у суд – гэта была справа часу. Я заўсёды, як анархіст, транслюю думку, што нам трэба змагацца разам, што неабходна салідарнасць. Калі проста глядзець па тэлебачанні, што людзі стаяць у пікетах, то твае праблемы гэта не вырашыць. У многіх выпадках гэта не працуе.

Думаю, што калі людзі ўбачаць сутнасць судовага працэса, то зразумеюць, якая хлусня ідзе часам з экранаў тэлевізара, і што самае галоўнае – за гэта ніхто не пакараны. Таму яшчэ раз хачу паказаць, наколькі хлусліва і аднабакова працуе сістэма, якая абараняе адных і ганьбіць іншых.

– А наколькі такая прапаганда мае ўплыву на простых беларусаў, якія глядзяць дзяржаўнае тэлебачанне?

–  Тэлеаўдыторыя даволі шматлікая. На ўласным досведзе магу сказаць, што нават мае блізкія патрапілі пад такі ўплыў. Калі я патрапіў у СІЗА на Валадарскага, мая маці распавяла пра сітуацыю блізкім з Расіі. Відавочна, што расіяне не праглядаюць незалежныя СМІ, яны знаходзяцца ў сваім інфармацыйным вакууме. Таму даходзіла да таго, што нават у іх сфарміраваўся мой пэўны негатыўны вобраз. Маўляў, калі хуліган, то, можа быць, самае месца яму – за кратамі. І гэта, адзначу, казалі не чужыя для нашай сям’і людзі.

Увогуле, ведаючы аўдыторыя беларускіх тэлеканалаў, і тое, як падаюцца прапагандысцкія матэрыялы, відавочна, што яны могуць дыскрэдытаваць людзей. Перш за ўсё ўдар прымаюць на сябе тыя, хто змагаецца за нейкія правы грамадзян, хто адстойвае свае пазіцыі.

– Мяркуеце, што гэтая прапагандысцкая хваля будзе працягвацца?

– Улада за дзесяцігоддзі свайго існавання выпрацавала алгарытм працы прапаганды, і СМІ становяцца ў неабходны момант сродкам уздзеянне на свядомасць і пазіцыю людзей, у вачах якіх лёгка могуць “ачарніць” тых, хто не ідзе ў нагу з уладай. Пры гэтым дзяржаўная прапаганда становіцца інструментам у руках сілавых структур.

Каля яшчэ праходзіў па “справе графіцістаў”, у дзяржаўных СМІ пачалі з’яўляцца матэрыялы, якія былі закрытымі. Там былі звесткі, якія былі ўзяты з крымінальнай справы. То бок, прапаганда працуе пад добрым патранажам сілавікоў. І наўрад ці мы ў бліжэйшы час у гэтым накірунку ўбачым нейкія змены. Інакш, у іншым рэжыме, яны працаваць, на жаль, не могуць.

– Вы спрабавалі знайсці вінаватых у збіцці, калі вас у свой час затрымлівалі па “справе графіцістаў”. Чым закончылася тая справа?

– Нічым не закончылася. Мне паведамілі, што не знайшлі таго, хто мяне збіваў, і гэта чарговае пацвярджэнне таго, якая ў нас законнасць і справядлівасць. З чатырох спецназаўцаў, якія мяне затрымлівалі, не знайшлі вінаватага.

– У апошні час у сілавікоў нейкая асаблівая “любоў” да прадстаўнікоў анархісцкага руху…

– Гэта відавочна. Анархісты прымалі ўдзел у вясновых сацыяльных пратэстах, нашы лозунгі былі дастаткова добра ўспрыняты звычайнымі людзьмі. А сілавікі ведаюць, што з анархістамі дамовіцца ніяк не атрымаецца. Мы набылі пэўную моц, а таму гэта, відаць, і выклікала занепакоенасць органаў.

Таму большасць прадстаўнікоў анархісцкага руху перыядычна аказваліся пад пераследам, а мяне і Зміцера Паліенку, які да гэтага часу знаходзіцца за кратамі, кінулі яшчэ пад большы каток рэпрэсій.

– Зміцера Паліенку праваабаронцы прызналі палітвязнем..

– Мяркую, Зміцер не павінен адсядзець свой тэрмін зняволення “ад званка да званка”, і для гэтага грамадзянская супольнасць, усе мы, шмат што робім і ў Беларусі, і за мяжой. Дакладна ведаю, што гэта дзейнічае і з’яўляецца пэўным ціскам і на сілавікоў, і на ўладу. Хацелася б спадзявацца, што Зміцер Паліенка, як ужо казаў, выйдзе на волю раней часу.

– Вячаслаў, не так вы пабраліся шлюбам, з чым вас можна толькі павіншаваць. Можа быць, жонка зараз крыху супакоіць вашу актыўную грамадзянскую дзейнасць?

– Гэта ў мяне ўжо другі шлюб, першы раз жонка якраз і не вытрымала маёй дзейнасці. Але з сёняшняй жонкай мы аднадумцы. Шчыра кажучы, нават распісвацца афіцыйна не хацелі, бо, калі людзі кахаюць адзін аднаго, то ім добра і без пасведчання аб шлюбе. Але мы цудоўна разумеем, што ў любы момант я ізноў магу апынуцца за кратамі, а ў гэтым выпадку тое самае пасведчанне з ЗАГСа якраз і дасць магчымасць сустракацца нам за кратамі альбо насіць жонцы для мяне перадачы. У нас у сям’і усё прадугледжана.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні