Сяргей Антончык: Нацыянальныя разынкі выкалупваюць з прарасійскай булкі

Напярэдадані Дня волі вядомы адзін з арганізатараў рабочага руху ў Беларусі, былы дэпутат Вярхоўна Савета Сяргей Антончык распавядае сайту palitviazni.info пра новую хвалю рэпрэсій у Беларусі.

“Людзі выйшлі на вуліцу з-за эканамічных праблем, і гэта быў людскі парыў за годнасць, калі нічога іншага не заставалася, – кажа Сяргей Антончык. – І вось гэты момант улада выкарыстала, каб дабіць нацыянальна свядомыя структуры і патрыятычнае асяроддзе. У 2010 уладзе трэба было дабіць грамадзянскую супольнасць, гэтым разам – патрыятычную”.

Па звестках праваабаронцаў, за апошні час у краіне ўжо затрыманы каля 300 чалавек, хваля рэпрэсій працягваецца…

– Каму сёння, на ваш погляд, выгодна, каб у краіне была такая напружаная абстаноўка?

–  Думаю, найперш выгодна Расіі. Сёння бачна, што зрабілі беларускія кіраўнікі са сваёй эканомікай, і ў якім месцы гэтая эканоміка зараз знаходзіцца. Пасля таго як людзі, даведзеныя да адчаю, выступілі супраць дэкрэта і супраць улады, апошняя не знайшла нічога лепшага, як распачаць захопы людзей. Але агулам сітуацыя вельмі выгодная Расіі, таму што ўдар, як стала зразумела ўсім, ідзе супраць нацыяльнальна свядомых людзей.  Дарэчы, Зянон Пазьняк ужо даўно пісаў, што Беларусь знаходзіцца ва ўнутранай акупацыі. Недасведчаныя людзі тады смяяліся з гэтых слоў, а цяперашнія падзеі паказваюць, што зараз у Беларусі на самай справе адбываецца. Фактычна ідзе знішчэнне беларускага грамадства.

– Чаму зараз у краіне склалася такая сітуацыя?

– Эканамічны стан пагаршаецца, і Беларусь паціху пачынае пераўтварацца ў Паўночна-Заходні край. Гэта ж звычайная імперская практыка – паставіць краіну ў такое становішча, каб яна знаходзілася ў пастаяннай залежнасці. Каб прасіла нафту, крэдыты… І ў гэтым Расія мае вялікі інтарэс. Можна паглынаць шляхам ўзброенага нападу, а можна пераўтвараць суседа ў эканамічны прыдатак. Таму маем тое, што маем. Больш за 20 гадоў разбуралі ўсё незалежнае, і ў той жа час рабілася поўная эканамічная залежнасць Беларусі ад Расіі. А зараз з боку Масквы свядома пайшло рэзкае эканамічнае прэсаванне, што прывяло да пагаршэння жыцця людзей, якія выйшлі на вуліцу не толькі супраць дэкрэта, а і ўвогуле супраць жабрацкіх умоў існавання. І беларуская ўлада стала дзейнічаць у сваім стылі рэпрэсій…

– Пачалі “выкалупваць разынкі” з булкі, як казаў Лукашэнка…

– “Выкалупванне разынак” – гэта ўдар па рэштках свядомых патрыётаў, якія яшчэ засталіся за апошнія гады. Гэта людзі, якія змагаюцца за беларускую будучыню, за сваю краіну. Гэтыя рэшткі і так разбітыя і разбураныя, амаль дысідэнцкія суполкі. Вось іх і выкалупваць з прарасійскай “булкі”.

– За апошнія дні ўжо затрымана каля 300 чалавек. Ці можна параўнаць сёняшні масштаб рэпрэсій з падзеямі 2010-2011 гадоў?

– Можна, хаця, як мне падаецца, зараз сітуацыя яшчэ больш агідная і больш цяжкая. Чаму? Таму што ў 2010 годзе былі прэзідэнцкія выбары, людзі выступалі па тэлебачанні, было адкрытае супарацьстаянне… У гэты ж раз людзі выйшлі з-за эканамічных праблем, і гэта быў людскі парыў за годнасць, калі нічога іншага не заставалася. І вось гэты момант улада выкарыстала, каб дабіць нацыянальна свядомыя структуры і патрыятычнае асяроддзе. Яшчэ раз хачу падкрэсліць – усё гэта робіцца, выкарыстоўваючы пратэсты простых людзей. У 2010 уладзе трэба было дабіць грамадзянскую супольнасць, гэтым разам – патрыятычную. Вось і ўся розніца.

– Ці верыце вы ў лагеры “баевікоў”, пра якія распавядаюць афіцыйны СМІ са спасылкай на спецслужбы, магчымыя ўзброеныя правакацыі на Дзень волі?

– Не, безумоўна, гэта звычайныя падыходы сілавікоў, пра якія мы чыталі ў кнігах і глядзелі ў фільмах. Метады тыя ж, што прымяняў у 30-я гады НКУС. Зараз жа не могуць пасадзіць чалавека і сказаць, што кінулі за краты за яго нацыянальную свядомасць. Тут трэба іншы артыкул. У 30-я гады былі “ворагі народа”, зараз – “заходнія цэнтры”, якія фінансуюць “баевікоў”. Усё паўтараецца. Раней людзям вешалі лапшыны на вушы пра антысавецкую змову, зараз – тое самае.

Альбо чаму зараз усплыў на паверхню “Белы легіён”, які спыніў існаванне яшчэ ў 90-х гадах? Апошнім часам улады лаяльна ставілася да нацыянальных сілаў, што прывяло да падзення яе рэйтынга ў Расіі. У выніку стала ўсё менш эканамічных дывідэндаў з Масквы. Таму “справа легіёна” – гэта таксама і добры пасыл Крамлю, што, маўляў, застаемся на расійскіх пазіцыях. Вось і знайшлі ворагаў-“нацыяналістаў”, якія маюць сувязі з палякамі, літоўцамі ды ўкраінскімі баевікамі. Масква будзе задаволена.

– Адным словам, не выключана, што ў краіне могуць з’явіцца новыя палітвязні…

– Канешне, могуць. Зараз уладам выгодна пераводзіць стрэлкі з эканомікі на палітыку. Для чаго ім патрэбны гэтыя захопы? Каб адцягнуць у людзей увагу да эканамічных праблем, а замест гэтага падкласці ім палітычны падтэкст. Ізноў-такі – тое самае адбывалася і ў 30-я гады. Людзі з голаду паміралі, а ўлада змагалася з “ворагамі народу”. Людзі тады ўжо і не думалі, што ім есці няма чаго, а ішлі з патрабаваннямі “смерці шпіёнам”. Зараз улада кінула людзям на абмеркаванне “баевікоў”, а эканоміка адыйшла ўжо быццам бы на другі план. І тых, хто стаў ахвярай гэтых палітычных гульняў, каго захапілі – ужо можна лічыць палітычнымі вязнямі. Яны – закладнікі гэтай гульні. Іншая справа, колькі часу гэтыя палітвязні будуць знаходзіцца ў турме. Мяркую, гэта будзе залежыць ад таго, як будзе далей разгортвацца сітуацыя. Калі пратэсты сціхнуць, то праз час могуць выйсці на волю і затрыманыя.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Круткін
  • Віталь Мацукевіч