Суд не задаволіў скаргу Андрэя Бандарэнкі

Пакуль справа Андрэя Бандарэнкі знаходзіцца на дапрацоўцы, праваабаронца стараецца абскардзіць вынесеныя яму за кратамі спагнанні, якія і сталі падставай для таго, каб распачаць супраць яго новую крымінальную справу.

“22 лютага суд разглядаў касацыйную скаргу Андрэя Банадрэнкі менавіта па тым эпізодзе, які ляжыць у аснове абвінавачання”, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка.

“22 лютага суд разглядаў касацыйную скаргу Андрэя Бандарэнкі, – кажа Таццяна Равяка. – Ён абскарджваў спагнанне менавіта за той эпізод, які ляжыць у аснове абвінавачання, і па якім справу вярнулі на дадатковую дапрацоўку. На жаль, скаргу не задаволілі”.

Спагнанне, якое абскарджвалася, было вынесена ў выглядзе 5 сутак ШІЗА за тое, што 25 мая ў турэмным калідоры, пачуўшы пытанне “З якой камеры?”, ён назваў нумар камеры, у якой адбывае пакаранне. Аказалася, што пытанне было зададзена не супрацоўнікам турмы, а іншым зняволеным. Адміністрацыя турмы палічыла дзеянні Андрэя Бандарэнкі “парушэннем мер ізаляцыі”.

Тым часам, днямі бацька Андрэя Бандарэнкі накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім просіць вызваліць ад крымінальнага пераследу яго сына. Ці можа паўплываць гэты зварот на рашэнне суда?

“Паколькі справа Бандарэнкі разглядаецца, як палітычна матываваная, то дадатковы грамадскі рэзананс не пашкодзіць, – кажа Таццяна Равяка. – І ўсё, што адбываецца вакол гэтай справы, безумоўна, мае значэнне. Дай Бог, каб голас бацькі быў пачуты ўладамі”.

***

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, праваабаронцы прызнаюць яго палітзняволеным.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні