Ці выпусцяць Лапіцкага з лякарні раней часу?

get_imgЯк стала вядома сайту palitviazni.info, кіраўніцтву Рэспубліканскай псіхіятрычнай клінікі ў Навінках перададзены ліст, у якім урачоў просяць як можна хутчэй прызначыць урачэбную камісію, каб ацаніць стан здароўя Аляксандра Лапіцкага.

Як вядома, 80-гадовы пенсіянер, якога праваабаронца прызналі палітвязнем, па рашэнні суда накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную клініку.

“На працягу месяца я наведваў Аляксандра Лапіцкага ў лякарні, – распавядае кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак. – Як ужо казаў, у адносінах да пенсіянера ўвесь гэты час не праводзіцца ніякае лячэнне, але ж чалавек знаходзіцца ў спецыфічнай установе. І, па просьбе Лапіцкага, я падрыхтаваў паперу і ўжо накіраваў на імя галоўнага ўрача лякарні з тым, каб была праведзена урачэбная камісія з мэтай пацвярджэння таго, што ў Аляксандра Лапіцкага няма ніякага псіхіятрычнага захворвання”.

Калі камісія зробіць такое заключэнне, то яна можа звярнуцца ў суд, каб зняць з Лапіцкага меру прымусовага лячэння.

“Прымусовае лячэнне пенсіянеру прызначылі, але сэнсу ў яго знаходжанні ў бальніцы няма, – дадае Алег Волчак. – Паўтаруся, там яго лечаць хіба што ад звычайных агульных захворванняў, што можна зрабіць і дома, у прысутнасці блізкіх. Натуральна, Аляксандр Лапіцкі лічыць, што ў гэтай сітуацыі знаходжанне  ў лякарні для яго – у нейкай ступені катаванне, бо яго ўтрымліваюць разам з тымі, хто і насамрэч псіхічна хворы. У сваім лісце мы папрасілі правесці ўрачэбную камісію, якая б ацаніла стан здароўя Аляксандра Лапіцкага, як мага хутчэй”.

***

Нагадаем, у 2011 годзе пенсіянер пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Аляксандр Лапіцкі здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 (“Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні здзейснены ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Гэта азначае, што пасля ўступлення пастановы ў сілу ён будзе пазбаўлены волі на перыяд прымусовага псіхіятрычнага лячэння.

Праваабарончая супольнасць прызнала Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні