“Тэма зніклых палітыкаў павінна быць пастаянна на слыху…”

indexУлляна Рыгораўна Захаранка, маці зніклага ў 1999 годзе экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі дамагалася, каб каб суд прызнаў яе сына памерлым.

Суддзя Мінскага гарадскога суда скарысталася папярэднім рашэннем Кастрычніцкага суда сталіцы, паводле якога працягваецца тэрмін вышуку былога міністра ўнутраных спраў Беларусі.

Нагадаем, што Юрый Захаранка знік 7 мая 1999 года па дарозе дадому. Крымінальную справу распачалі па факце наўмыснага забойства. Чатыры разы на год яго маці і жонка атрымліваюць паведамленні пра працяг гэтай справы. Пры гэтым пра тое, што робіцца ў межах раследвання, ні блізкія Захаранкі, ні адвакат нічога не ведаюць. Атрымліваецца, што, пакуль справа да канца не расследавана, Юрыя Захаранку будуць лічыць жывым, і ў такой сітуацыі сваякі выкрадзенага палітыка не змогуць уступіць у спадчыну. Маці не атрымае матэрыяльнай дапамогі, якую прызначаюць з-за страты карміцеля. Да таго ж, сваякі вымушаны плаціць за кватэру, дзе прапісаны Юрый Захаранка, і не могуць самастойна распарадзіцца маёмасцю, напрыклад, прадаць яе.

Яшчэ ў 2003 годзе прызнаць мужа памерлым прасіла Вольга Захаранка, якая зараз разам з дзвума дачкамі жыве ў Германіі. І ў 2003 годзе, і зараз пры разглядзе просьбы аб прызнанні Захаранкі памерлым у судзе прыпынілі прыняцце гэтага рашэння да таго моманту, калі будзе пастаўлена кропка ў крымінальнай справе па факце знікнення апальнага генерала.

 

Дарэчы, у рапарце былога начальніка крымінальнай міліцыі Мікалая Лапаціка гаворыцца, што, па аператыўнай інфармацыі, ліквідацыяй Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага займаліся адны і тыя ж людзі. Калі верыць інфармацыі Лапаціка, пахаваны яны таксама у адным месцы – “на спецучастку апошніх магіл на Паўночных могілках”.

“Тэма зніклых палітыкаў павінна быць пастаянна на слыху, – распавядае сайту palitviazni.info праваабаронца Алег Волчак. – Зразумела, што тэма – не новая, але па-ранейшаму надзвычай актуальная, бо няма адказу на галоўнае пытанне: што здарылася 17 гадоў таму? Чаму да гэтага часу не знойдзены злачынцы? Чаму ніхто не панёс пакаранне па такой рэзананснай справе, якую ўлады ўжо даўно спісалі ў архіў? І чаму яны яе спісалі? Сёння праваабаронцы пры любых сустрэчых з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці тэму зніклых у Беларусі палітыкаў пастаянна будуць узгадваць”.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні