Ігар Кузняцоў: Калі мы перастанем нагадваць пра сталінскія рэпрэсіі, закапаем гэтую тэму ў зямлю

mqdefault Ва ўкраінскай сталіцы днямі правялі дэмантаж помніка чэкістам. А ў беларускай сталіцы пенсіянер Уладзімір Мазанік, бацька якога ў сталінскія часы стаў ахвярай палітычных рэпрэсій, каля трох гадоў дамагаецца ад уладаў устаноўкі ў Мінску памятнага знака ахвярам сталінізма. І пакуль яго намаганні дарэмныя. Чыноўнікі мяркуюць, што гэта рабіць “немэтазгодна”.

Чаму улады ігнаруюць гісторыю і “саромеюцца” ўслых гаварыць пра тое, як савецкія ўлады забівалі ўласны народ? Пра гэта сайт palitviazni.info гутарыць з гісторыкам і даследчыкам сталінскіх часоў Ігарам Кузняцовым.

– Чыноўнікі мяркуюць, што ёсць помнікі сталінскім ахвярам у Курапатах – і гэтага дастаткова, – кажа суразмоўца. – Не дастаткова! Улада засталася ў савецкай ідэалогіі. Так, раней яна рабіла стаўку на сталы электарат, старалася не хваляваць савецкія пачуцці гэтай часткі грамадства. Але ж зараз удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны можна ўжо на пальцах пералічыць. Што цяпер перашкаджае ўшанаваць памяць тых, хто пацярпеў ад сталінізма? Але стары савецкі стэрэатып застаўся, ён моцна засеў у мазгах гэтай улады. І ўсе баяцца самі праявіць ініцыятыву, усе глядзяць уверх – маўляў, як вярхоўны начальнік ацэніць яе. Добра гэта будзе ці дрэнна? І, каб лішні раз перастрахавацца, ніхто не бярэ на сябе адказнасць. Навошта чыноўніку тая праўдзівая гісторыя, тыя ахвяры палітычных рэпрэсій і тыя памятныя знакі ў іх памяць? Усё гэта знаходзіцца ў закансерваваным стане.

– Аднак уся гэтая блакіроўка па ўзгадванню ахвяраў палітычных рэпрэсій робіцца свядома?

– Увогуле, логікі ў такіх дзеяннях мала, бо гісторыя – гэта ўсяго толькі гісторыя. Але не можа ўлада пераступіць праз сваё ідэалагічнае табу. Больш за тое! Ідзе не толькі замоўчванне гістарычных фактаў, але яшчэ і ўсхваляецца сталінская эпоха. “Лінія Сталіна” – з таго шэрагу. Нават у Маскве ў хуткім часе адкрыюць мемарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсій, ва ўсіх постсавецкіх краінах нешта робіцца ў гэтым накірунку. Нават ва Узбекістане. І толькі ў нас – цішыня. Што, моцна перашкодзіла б гарадскім уладам ці Міністэрству культуры невялікая шыльдачка, якая б узгадвала пра сталінскія злачынствы? І грошы ў дзяржавы на тую шыльду не патрабавалі б, сама грамадскасць сабрала б. Але ж не – “немэтазгодна”. І год за годам – ніякага руху. І – блакіраванне ініцыятыў па ўсіх накірунках. У навуковай сферы не даюць нічога рабіць, у грамадскай – супрацьдзеянне. Да таго ж старэюць людзі, якія гэтай праблемай займаліся. А іх на пальцах пералічыць можна – 20-30 чалавек.

– А ўвогуле, на ваш погляд, тэма палітычных рэпрэсій у сталінскія часы – яна сёння цікава беларускаму грамадству?

– А што сёння беларускаму грамадству цікава? Выжыць. Ім, калі па шчырасці, да рэпрэсій справы мала. Ва ўсялякім выпадку – большасці. Мне часам кажуць: “Гэтая тэма не модная”. Паважаныя, калі мы перастанем казаць пра гэта, дык гэтая тэма наогул памрэ, закапаем яе ў зямлю. Яна і так ледзь дыхае. Я разумею, што ўсе ўсяго баяцца, але тады няхай хаця б чытаюць, што такая праблема ёсць. Гісторык Кузняцоў і яшчэ 20 чалавек яе не вырашаць, але, калі мы канчаткова заціхнем, значыцца яна не проста будзе на нулявой адзнацы, а наогул знікне. Пройдзе некалькі гадоў, і моладзь не будзе ведаць, што адбывалася ў тыя часы. Парушаецца права на памяць.

– Здаецца, у мінулым годзе міністр унутраных спраў на 9 мая крэатыўна апрануў вопратку супрацоўніка НКУС…

– Тут, як кажуць, без каментарыяў. Яны кажуць: у гэтай форме людзі заваявалі Вялікую Перамогу. Але, калі вы бярэце на сябе пераемнасць, то скажыце, што ў гэтай форме супрацоўнікі НКУС растрэльвалі і сваіх нявінаватых людзей. Адказваюць у такім стылі: маўляў, былі памылкі гісторыі… Але, калі вы апранаеце гэтую форму, дык нясіце таксама маральную адказнасць і за тыя злачынствы, што адбываліся ў сталінскія часы.

– Вашы звесткі па пацярпелых у часы сталінізма адрозніваюцца ад аціцыйных?

– Так, афіцыёз абвяргае мае лічбы, хаця не адзін я сцвярджаю, што на тырыторыі было каля 600 тысяч рэпрасаваных чалавек. Проста, напрыклад, чалавек адпраўлялі з Беларусі куды-небудзь ў Архангельскую вобласць і звесткі пра яго губляліся. У КДБ ніякіх звестак няма. А як быць з тымі, хто па камсамольскіх пуцёўках выехалі на будоўлі камунізма, і там былі арыштаваны і растралянs? Гэта што – не беларусы? Не нашы людзі?

Па маіх звестках, у Беларусі было рэпрасавана каля 10 працэнтаў насельніцтва! Гэта ж амаль як ваенныя страты. Ды і лічба 600 тысяч, мяркую, не дакладная. Бо ёсць людзі, якія ў растрэльны перыяд нідзе не лічацца. Многія катэгорыі не ўключаны ў гэты сумны спіс. А ўвогуле, калі глядзець на праблему шырэй, то тады ўсе былі рэпрасаваны. Бо чалавек жыў у страху, ведаў, што ў любы час могуць забраць альбо яго, альбо блізкіх… Чалавек пастаянна знаходзіўся ў абмежаванні сваіх правоў. Таму паняцце рэпрэсій трэба пашыраць. Ад юрыдычнага разумення таго, што адбывалася, да чалавечага.

Вы былі ў новым музеі Вялікай Айчыннай вайны?

– Быў, але музей мне нагадвае нейкае бізнес-шоу. Там змянілася толькі форма падачы матэрыялаў. А ўсё астатняе – у савецкай трактоўцы. Туды ходзяць, паўтаруся, як на шоу. Тэма палітычных рэпрэсій можна сказаць зусім не прадстаўлена. Лічаць, што гэта не іх тэматыка, і яна там не з’явілася. Хаця першапачаткова, наколькі мне вядома, планавалася. Хаця, напэўна, пасля суадносных кансультацый аказалася нікому не патрэбнай.

– Можа быць, такім чынам стараюцца падкрэсліць гераізм савецкага народа, куды не ўпісваюцца сталінскія рэпрэсіі супраць уласных людзей?

– Прабачце, вайна – гэта заўсёды кроў. Там рознае здараецца, але ж не трэба скажаць гісторыю. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Мы шмат распавядаем пра гераізм падчас Вялікай Айчыннай вайны. А растрэлы сваіх – гэта не вайна? Давайце тады праўду казаць пра цану перамогі. Пра тое, што былі і неапраўданыя страты. Ніхто ж не адмаўляе гераізм савецкага народа. Ён насамрэч быў проста неверагодны! Ніводная армія не стала б змагацца да апошніх патронаў, якіх яшчэ і не было. Перад мужнасцю людзей трэба станавіцца на калені, аде давайце будзем аб’ектыўнымі і будзем казаць пра тых, хто гэтым героям здраджваў. А здраджвалі ў ва многім свае.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Гумінскі
  • Юрый Рубцоў
  • Іван Гапонаў