Алесь Зарэмбюк: Улада марыць пра грамадства, што было ў савецкія часы

Ціск збоку ўладаў ў Беларусі зазнаюць вялізарная колькасць актывістаў рухаў, партый і арганізацый, незалежных журналістаў. За кратамі знаходзяцца асуджаныя па палітычных матывах. Чаму ў краіне, якая знаходзіцца ў практычна цэнтры Эўропы, фактычна ўсе грамадзяне апынуліся закладнікамі кіраўніцтва дзяржавы? Пра гэта з palitviazni.info разважае кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

Алесь Зарэмбюк: Пагаджуся з тым, што сытуацыя з правамі чалавека і іх выкананьнем ў Беларусі досыць складаная. Зразумела, што любая асоба, любая група, прычым не істотна, ці гэта прадстаўнікі нейкай арганізацыі, або проста нават самыя звычайныя людзі, але якія ініцыятыўныя і актыўныя, неабыякавыя, нават не абавязкова да нейкіх палітычных справаў, а проста неабыякавыя да таго, што адбываецца ў краіне, да таго, што іх турбуе наштодзень. І гэтыя асобы, можна сказаць ўжо зьяўляюцца закладнікамі. Вось нядаўна быў агучаны ліст ад Алеся Бяляцкага, пра які распавяла яго жонка Натальля Пінчук, тое ж самае датычыць і лістоў Міколы Статкевіча. І з гэтых лістоў і лістоў іншых палітычных вязьняў вынікае, што мала таго, што гэтыя людзі былі незаконна асуджаныя, знаходзяцца ў турмах і ізаляваныя ад грамадсксьці. Дык іх катуюць і ціснуць на іх і за кратамі. Ствараюць ім жорсткія ўмовы ўтрыманьня і прымушаюць іх да такіх рэчаў, якія нават проста часам немагчыма ўявіць. Тое ж самае вынікае і з апошняга інтэрвью Зьмітра Дашкевіча, што надрукавана на старонках Белпартызана. Таму любы чалавека, або група людзей, якія будуць ўяўляць пагрозу для беларускага рэжыму, для Аляксандра Лукашэнкі і яго клану, адразу ж патрапяць пад вось гэты рэпрэсіўны каток і будзе закатаны. І ніякай лібералізацыі, паляпшэньня сытуацыі, ў тым і з палітвязьнямі мы не назіраем. Яе проста няма, а гэта рыторыка, якую часамі вядуць пэўныя зацікаўленыя групы, альбо асобы, але ж рэальна, на практыцы сытуацыя вельмі складаная і вельмі цяжкая.

– Гэтымі днямі мы сталі сьведкамі суду над маці памерлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна, спадарыні Жаны Пцічкінай. Абурае не толькі нахабства і крывадушнасць, але таксама цяжка перажываць і перанесеныя эмоцыі журналістаў, якія былі не гэтых судах. Паводле карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча, склалася ўражаньне, што ўлады жадаюць стварыць зь сваіх грамдзянаў паслухмяную і абыякавую масу.

Алесь Зарэмбюк: Калі ж казаць пра апалітычнасьць беларускага грамадства, калі казаць пра страх, дык безумоўна, ўлады гэтага вельмі жадаюць. Мы гэта бачым нават ў статыстыцы некаторых інтэрнэт-рэсурсаў, медыяў. Я магу прыевсьці прыклад незалежнага рэсурсу, аднаго з самых вялікіх ў краіне – tut.by – гэта старонка, якая сапраўды незалежная. Дык вось, статыстыка наведваньня старонак з навінамі, якія прысьвечаны менавіта палітычным падзеям, самая нізкая. І мне падаецца менавіта гэта сьведчыць, што беларускі рэжым ў пэўнай ступені дасягнуў свае мэты. Зразумела, што падчас выбараў, перадусім прэзідэнцкіх, цікавасьць да палітыкі відавочна павялічваецца. А агулам рэжым імкнецца, каб людзі на ўсё, што можна ахарактарызаваць тэрмінам палітыка, рэагавалі абыякава, каб пра гэта не думалі. І ўлады сапраўды для гэтага робяць вельмі шмат. Для гэтага столькі шмат рэпрэсіяў і іншых формаў ціску, і звальненьні з працы, і выключэньні з ВНУ студэнтаў, хоць гэта цяпер практыкуецца ў меньшай ступені. Улада сапраўды марыць пра грамадства, якое было ў савецкія часы, асабліва ў часы Брэжнева, калі людзі ледзь не строем хадзілі на выбары. І насамрэч хадзілі не для таго, каб выбіраць, але толькі таму, што ім было сказана пайсьці на выбарчыя ўчасткі.

– Але ці магчыма сёньня спадзявацца на рэалізацыю такіх мэтаў? Савецкія часы засталіся ў гісторыі.

Алесь Зарэмбюк: Да канца гэта немагчыма. Сёньня існуе інтэрнэт, адчыненыя межы, ёсьць пэўнаяя прагрэсіўная частка грамадства, якая заўсёды будзе цікавіцца, што адбываецца навокал, якая будзе езьдзіць па розных краінах сьвету. Людзі ж маюць магчымасьць не толькі глядзець, але і параўноўваць. І гэта немагчыма спыніць. І таму мы павінны казаць перадусім пра тое, што для грамадства павінна быць адчыненыя межы, створаныя больш шырокія магчымасьці для зносін ў інэце, ў сацыяльных сетках. Таксама павінна з гэтым і расьці сацыяльная актыўнасьць людзей, ў прынцыпе, мы гэта і бачым – ўзнікаюць ініцыятывы па зборы подпісаў напрыклад, у абарону дзіцячай пляцоўкі, або ў абарону парку і гэтак далей. Таму можам казаць, што грамадства няспынна разьвіваецца і зьмяняецца. І гэты працэс спыніць немагчыма.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Буланаў
  • Віталь Рымашэўскі
  • Павал Вінаградаў