Дзьве плыні ў апазіцыйных сілах

Шэраг беларускіх чыноўнікаў, прадстаўнікоў буйнога бізнэсу ўнесены ў так званы „чорны сьпіс” Эўразьвязу. Гэта значыць ім забаронена наведваць краіны Эўропы, а таксама іх грашовыя актывы мусяць быць замарожаныя. Бадай галоўнай ўмовай зьнікненьня гэтага сьпісу зьяўляецца вызваленьне палітычных вязьняў. Тым не меньш, паведамляе Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД, асобы з чорнага сьпісу карыстаюцца і іншымі метадамі, каб быць выкрасьленым з гэтага ганебнага сьпісу. Пра гэта палітык распавядае palitviazni.info

Віталь Рымашэўскі: Я ведаю, што беларускія алігархі зараз выкарыстоўваюць актыўна юрыдычныя магчымасьці абскарджваньня ўнясеньня іх ў сьпіс неўяздных ў краіны Эўразьвязу. Цяпер яны падаюць скаргі і ў Эўрапейскія суды, некаторыя справы ім нават ўдалося выйграць. Але пытаньне па-першае ў тым, што гэта робіцца непублічна. Алігархі праз юрыдычныя фірмы, праз нанятых юрыстаў сьцвярджаюць, што ўзнесеныя ў сьпісы незаконна, што дачыненьня да фінансаваньня злачынных дзеяньняў рэжыму Беларусі яны не маюць. Тое, што яны не жадаюць публічнасьці – гэта цалкам зразумела, бо ў адваротным выпадку знайшлося б досыць шмат контрагумантаў на іх сьцьверджаньні, на тое, што ўнясеньне іх ў чорныя сьпісы абгрунтавана. Мне фактычна зразумела, што пазыцыя Эўразьвязу цяпер досыць лаяльная ў дачыненьні і да рэжыму, і да самой краіны. Яны заклікаюць ўсялякім чынам ўцягвацца ў дыялог. Але такія крокі, як скарачэньне сьпісу неўяздных, у дадзеным выпадку размова ідзе пра алігархаў, проста не прымальна. Бо ніводнае патрабаваньне Эўразьвязу так і не было выканана: за кратамі надалей палітвязьні. І зрэшты, найбольш небясьпечна трапленьне ў чорны сьпіс менавіта алігархам, якія цяпер жадаюць выключэньня са сьпісу, легалізацыі свайго капіталу, свабоднае перамяшчэньне па краінах Эўразьвязу.

 – А сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, ці зьмянілася нейкім чынам? Неўзабаве адбудзецца саміт Усходняга партнёрства ў Вільні, запрашэньні краінам ўдзельніцам ўжо высланыя, ці зьменяцца неяк стасункі з Захадам?

Віталь Рымашэўскі: Я лічу, што сытуацыя зьмяняецца ў горшы бок. Цяпер мы маем новае выбарчае заканадаўства, яно зараз будзе мець больш дыскрымінацыйны характар, то бок яшчэ больш абмяжоўваюцца палітычныя апазыцыйныя партыі і рухі ў выбарых кампаніях. Мы маем таксама новых палітычных вязьняў, чарговы раз ўлады краіны ўзгадалі пра ганебны артыкул 193.1 – дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Акрамя гэтага выкарыстоўваецца артыкул за здраду дзяржаве ў дачыненьні да хрысьціянскіх вернікаў, грамадскіх актывістаў. Таму лічу, што сытуацыя ў краіне пагаршаецца. Такім чынам ўлады рыхтуюцца да наступных выбараў. Таму што датычыць пазыцыі Эўрапейскага зьвязу, то палітыка залежыць ад волі і рашэньняў эўрапалітыкаў. А вось што залежыць ад нас з вамі, ад беларускага грамадзянскай супольнасьці, то трэба казаць і варта агучваць, што непрымальна адбельваць беларускіх алігархаў, нельга дапускаць выхад у некторых недзяржаўных медыях публікацыяў пра гэтых асобаў, у якіх пішацца, што людзі сумленна зарабілі свой першы капітал. Але ж гэта няпраўда. Няма сумленна заробленых грошай ў сучасных беларускіх алігархаў. Амаль паўсюль замешана карупцыя, гэта дапамога беларускай ўлады.

 – Як тады можна патлумачыць з’яўленьне такіх артыкулаў у незалежных медыях? Нехта недаглядзеў, ці аджмыслова пісаліся такія артыкулы?

Віталь Рымашэўскі: Ведаеце, гэта ўсё мэтанакіраваная палітыка. Справа ў тым, што ў беларускай дэмакратычнай супольнасьці існуе, скажам так, дзьве плыні. Яны і падзяляюць, прычым прынцыпова, і рухі, і арганізацыі, а таксама і нават недзяржаўныя выданьні. Першая плынь, да якой належыць і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, лічыць, што немагчыма супраца з дзейсным рэжымам, нельга праяўляць лаяльнасьць ў абмен на лаяльнасьць, такім чынам выгандлёўваючы сабе нейкія дэвідэнты. Мы лічым, што трэба арганізоўваць грамадскія пратэсты, ціск. Гэта не значыць, што мы выступаем за нейкія гвалтоўныя метады, але перадусім мы выступаем за тое, нам застаецца рэальна разьлічваць толькі на свае сілы, падтрымку грамадства і дамагацца ад рэжыму саступак ў кожнай сьферы. А вось другая плынь пераканана, што з Лукашэнкам можна гуляць, можна гандляваць, можна наавт недзе ўгаварыць ў тым ліку і набліжаных да рэжыму алігархаў. Яны імкнуцца часам і ўлагодзіць прыбліжаных да ўладаў чыноўнікаў. І вось дзейнасьць гэтай плыні будзе больш бясьпечнай, у тым сэнсе, што для сябе яны здольныя выгандляваць бясьпеку. Але варта сабе ўсьведамляць, што ўсё гэта будзе толькі да пэўнага часу, пакуль не будуць зьнішчаныя больш цьвёрдыя і прыныповыя праціўнікі рэжыму. Логіка ж дзейснага рэжыму не такая, што ёсьць гатовасьць ісьці на саступкі, і стасункі з Эўразьвязам як раз адлюстраваньне таго. І таму крокі па ўлагоджваньні рэжыму я лічу зусім няправільнымі. Гэа ў выніку можа прывесьці нават да катасрофы, бо ў выніку могуць пацярпець ўсе.

 – Як жа да тых формаў негвалтоўнай барацьбы прыцягнуць беларускіх грамадзян?

Віталь Рымашэўскі: Як не парадаксальна, але для беларусаў сёньня абараніць сваю маёмасьць, свабоду, свае правы можна толькі выключна праз негвалтоўны пратэст. І гэта сьвядома выкарыстоўваецца грамадзянамі нават без ўдзелу ў гэтым грамадскіх арганізацыяў, апазіцыі. І мы адстаем ў гэтым, бо арганізоўваюцца спантанныя нейкія акцыі, страйкі, акцыі пртэстаў супраць ўшчыльнення, напрыклад, супраць зьнішчэньня сельскагаспадарчай жывёлы. І там, дзе людзі выходзяць на пратэст, ім ўдаецца на хаця б на кароткі час спыніць рэжым і абараніць сябе. Любыя такія салідарныя дзеяньні прыносяць посьпех і гэта адзіныя такія салідарныя дзеяньні ў змаганьні з дзейсным рэжымам. Увогуле не было выпадкаў ў гісторыі, каб недзе рэжым ішоў на саступкі грамадзянам сваёй краіны. Гэта адбывалася толькі дзякуючы арганізаваным акцыям пратэсту, негвалтоўнай барацьбе. І гэта таксама шлях Беларусі. Нагадаю, што безпадстаўная калябарацыя таксама прыводзіць да зьнішчэньня ў тым ліку і саміх калябарантаў. Канечне, я не маю права асуджаць прыхільнікаў гэтай другой плыні. Але лічу іх шлях ўсё ж памылковым. І нават небясьпечным ў тым ліку і іх саміх, і для будучыні Беларусі. Цяпер эканамічная сітуацыя пагаршаецца, прававое бязьмежжа таксама пашыраецца, і таму беларусы будуць ўсё часьцей выказваць свабю незадаволенасьць, ўсё часьцей будуць ўзьнікаць стыхійныя акцыі, а вось наша задача зрабіць змаганьне беларусаў больш пасьпяховым.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Казакоў
  • Анатоль Шумчанка
  • Васіль Парфянкоў
  • Уладзімер Някляеў
  • Уладзімер Яроменак