Андрэй Аляксандраў: “Дыялог з Эўразьвязам сьвядома і даўно блякуюць беларускія ўлады”

Ужо каторы год кіраўнік Беларусі спрабуе весці гандаль палітвязьнямі з Захадам. Усьведамленьне і разуменьне ганебнасьці гэтага палітыкамі агучвалася неаднаразовы. Але ў які момант кіраўніцтву Беларусі прыйшло да галавы распачаць гандаль людзьмі і чаму ён стаў для афіцыйнага Меснку такім пасьпяховым? Пра гэта palitviazni.info распавядае Андрэй Аляксандраў, супрацоўнік брытанскай арганізацыі «Індэкс цэнзуры».

– Сапраўды, гэты гандаль ўзнік досыць даўно, і для беларускіх уладаў ён стаў своеасаблівай “бізнэс-мадэльлю”: бярэш у закладнікі сваіх грамадзянаў, ды павольна «прадаеш» іх Захаду ў абмен на эканамічныя выгоды. І Эўропа доўгі час «вялася» на гэты гандаль. Але выглядае на тое, што гэтая «бізнэс-мадэль» дала збой. Эўропа даволі прынцыпова трымаецца пазіцыі: вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў з’яўляецца перадумовай далейшага дыялогу аб магчымым супрацоўніцтве. Паўмеры і «гандаль часткамі» ўжо неспрацоўваюць. Гэта было бачна на прыкладзе леташняга вызваленьня Андрэя Саньнікава і Зьміцера Бандарэнкі. Беларускія ўлады відавочна чакалі ад Эўразьвяза крокаў у адказ, але ж пазіцыя засталася нязьменнай: «залічана» будзе толькі вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў. Іншая справа, што гэта прывяло да сітуацыі, калі дыялог паміж беларускімі ўладамі і Эўразьвязам фактычна з’яўляецца замарожаным. Афіцыйны Менск па-ранейшаму не жадае абмяркоўваць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, а таксама далучацца да магчымых перамоваў і любых іншых узаемадзеяньняў, у якіх таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. Якое можа быць выйсце з гэтага тупіка – гэта пытаньне да палітолягаў ды дыпляматаў.

– На Ваша меркаваньне, у сфэры прыярытэтаў Эўразьвязу, на якім месцы знаходзіцца беларускае пытаньне? Ці адбываюцца нейкія зьмены ў гэтым?

Андрэй Аляксандраў: Відавочна, што на сёньня ў сфэры прыярытэтаў Эўропы знаходзяцца зусім іншыя пытаньні. Перадусім увага сканцэнтравана на вырашэньні эканамічных праблемаў. Існуюць пытаньні наконт будучыні самога Эўразьвязу, формаў яго далейшага функцыянаваньня, магчымага пашырэньня і ўладкаваньня новых краінаў-сябраў. Дый грамадзянская супольнасьць ЭЗ ставіць нямала пытаньняў што датычна далейшага ўмацавання дэмакратыі і правоў чалавека – тут дастаткова прыгадаць нядаўні скандал, зьвязаны з масавым сачэньнем за электроннай камунікацыяй грамадзянаў. А ўвогулее, на маю думку, тут нават само пытаньне досыць дзіўнае. Сітуацыя ў Беларусі мусіць быць перадусім ў цэнтры ўвагі саміх беларусаў, а не грамадзян Эўразьвяза. У тым ліку гэта тычыцца і пытаньня правоў чалавека ў Беларусі. І пакуль гэтыя праблемы не стануць балючай і прыярытэтнай тэмай для большасьці грамадзян ў Беларусі, чакаць ад Эўразьвязу, што ён будзе пераймацца гэтай праблемай, на маю думку, недарэчна.

– Але размова ідзе перадусім аб салідарнасьці. Аб мерах падтрымкі і дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Ці можа ў аднабаковым парадку Эўразьвяз зрабіць крок насустрач нашай краіне?

Андрэй Аляксандраў: Я досыць часта чую закіды з боку некаторых беларускіх актывістаў і арганізацыяў, што Эўразьвяз недастаткова ўдзяляе ўвагі «беларускаму пытаньню», альбо ўдзяляе гэтую ўвагу неналежным чынам. Тут можна спрачацца, але я хачу нагадаць некаторыя факты. І Эўрапарламент, і структуры Рады Эўропы прымаюць даволі жорсткія рэзалюцыі, датычна сітуацыі ў Беларусі – нашмат больш жорсткія, чым, напрыклад, у дачыненьні да Азербайджана, дзе сітуацыя з правамі чалавека зусім не лепш, а часам нават горшая. Давайце таксама прыгадаем даклад спадара Харасьці, спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Падчас абмеркаваньня гэтага дакумента ў Радзе ААН па правах чалавека ўсе краіны Эўразьвязу падтрымалі Харасьці і ягоны даклад і чарговы раз патрабавалі ад ўладаў Беларусі вызваліць ўсіх палітычных вязьняў, адмяніць сьмяротнае пакараньне, рабіць абсалютна канкрэтныя крокі па паляпшэньні сітуацыі з правамі чалавека. Працягваецца дапамога Эўразьвязу для грамадзянскай супольнасьці ў краіне. Таму я б не засяроджваўся на закідах, што грамадска-палітычная сытуацыя ў краіне такая кепская, бо няма падтрымкі і дапамогі з боку Эўразьвязу. Я лічу, галоўная праблема палягае ў грамадска-палітычнай сітуацыі ўнутры краіны. Што тычыцца візавага пытаньня, якое Эўразьвяз нібыта мог бы вырашыць у аднабаковым парадку… Я неяк бачыў статыстыку, паводле якой беларусы на першым месцы ў сьвеце па колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў. Калі паглядзець на сытуацыю вачыма эўрапейскага чыноўніка, то праблемы з магчымасцямі для беларусаў ездзіць у Эўропу не існуе. Да таго ж, Эўразьвяз сам паклаў на стол беларускі ўладам прапановы аб правядзеньні перамоваў па візавым пытаньні. Часам службоўцы з Эўракамісіі выказваюць шчырае зьдзіўленьне: маўляў, Беларусь ёсьць адзінай краінай у сьвеце, якая не жадае распачынаць перамовы аб гэтым. Іншыя краіны самі прымаюць неверагодныя высілкі, каб вырашыць пытаньне аб спрашчэньні візавага рэжыму. Але Беларусь не толькі не дамагаецца гэтага, але і адмаўляецца ад прапановаў, якія ляжаць літаральна ў іх на стале. Беларускія ўлады блякуюць дыялог з Эўразьвязам, блякуюць яго даўно і прынцыпова.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яна Палякова
  • Віктар Івашкевіч
  • Міхаіл Жамчужны
  • Аляксандар Васільеў