Кіраўнікі МЗС ФРГ і краін Балтыі: Свабоду беларускім палітвязням

Балтыя і Нямеччына заклікалі Украіну працягваць рэформы, а Беларусь – вызваліць палітвязняў.

Кіраўнікі МЗС Літвы, Латвіі, Эстоніі і Нямеччыны, што сустрэліся ў літоўскім Коўне, выказалі падтрымку Праграме «Усходняга партнёрства» ЕЗ, мэтай якой з’яўляецца заахвочванне больш шчыльных стаксункаў з шасцю постсавецкімі краінамі. Гэтая праграма з’яўляецца адным з прыярытэтаў Літвы, што расчынаецца з старшынствам у Радзе ЕЗ у ліпені, піша ru.delfi.lt.

У камюніке міністры «пацвердзілі гатовасць» у лістападзе на саміце «Усходняга партнёрства» падпісаць пагадненне аб асацыяцыйным сяброўстве і вольным гандлі з Украінай, але адзначылі, што для гэтага патрэбныя далейшыя крокі, якіх патрабуе ЕЗ.

«Міністры прызналі здзейснены Украінай прагрэс і заклікалі краіну рабіць далейшыя крокі», – гаворыцца ў заяве, якая была апублікавана пасля сустрэчы міністраў у архітэктурным ансамблі Ковенскага Пажайсліскага кляштара.

ЕЗ патрабуе ад Кіева спыніць «сэлекцыйнае правасуддзе» – гэтым тэрмінам вызначаецца пераслед апазіцыі, найперш зняволенне былой прэм’еркі Юліі Цімашэнкі.

ЕЗ таксама заклікае зліквідаваць заганы выбарчага працэсу і зрэалізаваць іншыя рэформы, прадугледжаныя парадкам работы асацыяцыі.

Чацвёра міністраў таксама заявілі, што «дамовіліся аб патрэбе захоўваць уцягнутасць Беларусі ў шматстаронняе вымярэнне ўсходняга партнёрства».

«Яны паўтарылі, што ўсе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя, з тым, каб ЕЗ перагледзеў сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі ў пазітыўным ключы», – гаворыцца ў заяве міністраў замежных спраў Літвы, Эстоніі, Латвіі і Нямеччыны Лінаса Лінкявічуса, Урмаса Паэта, Эдгарса Рынкевічса і Гвіда Вэстэрвэле.

Згадаўшы іншыя краіны «Усходняга партнёрства», міністры адзначылі, што канец тэхнічных перамоў дазваляе фактычна скончыць перамовы аб асацыяцыйным сяброўстве з Малдовай. Міністры таксама «выказалі спадзяванні на тое, што перамовы з Грузіяй і Арменіяй скончацца ў тэрмін і на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні будуць парафаваныя ўсе тры пагадненні».

Міністры таксама «акцэнтавалі важнасць доўжаных перамоў аб асацыяцыйным пагадненні з Азербайджанам», значыцца ў заяве. Са слоў дыпламатаў, Азербайджан хоча дамагчыся ад ЕЗ стратэгічнага партнёрства і досыць абыякава ставіцца да Праграмы «Усходняга партнёрства».

charter97.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Федаркевіч
  • Юры Казак
  • Арцём Грыбкоў
  • Эдуард Пальчыс
  • Валер Сядоў