Сяргей Пятрухін — брэсцкі блогер, аўтар ютуб-каналаў “Народны рэпарцёр” і ” Youtube-дэпутаты”.
Раней Сяргей Пятрухін працаваў у тэатры, быў тамадой на вяселлях і палітыкай не цікавіўся.
“Жыццё змянілася, калі ў доме, у якім ён жыў, паўстала праблема, – распавядаў блогер gazetaby.com. – Прайшлі тэрміны правядзення капітальнага рамонту. Дому было 50 гадоў, і ніхто не варушыўся. Парушэнні заканадаўства былі абуральнымі.
Пачаў перапіску з ЖЭСам і зразумеў, што ўлады не адпавядаюць таму, як яны сябе пазіцыянуюць у газетах. І зняў фільм пра дом, у якім зрабілі ўрэшце рэшт рамонт, потым з’явіліся іншыя сюжэты”.
За той час, што Пятрухін здымае фільмы пра праблемы Брэста, прэсінг з боку сілавікоў ён адчуў, калі пачалося супрацьстаянне ўладаў і мясцовых жыхароў, якія пратэставалі супраць запуску акумулятарнага завода. Неаднаразова суды асуджалі блогера да вялікіх штрафаў.
Храналогія пераследу
16 чэрвеня 2020 году Сяргей Пятрухін ён быў затрыманы ў вёсцы пад Пухавічамі, пасля чаго дастаўлены ў Кобрынскі ІЧУ.
25 чэрвеня Сяргея Пятрухіна даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання Мінска.
Стала вядома, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), звязанай з падзеямі ў Гродне 29 траўня.
Праваабарончай супольнасцю Сяргей Пятрухін прызнаны палітвязнем.