20-гадовы ўкраінец Павел Грыб знік пасля перасячэння ўкраінска-беларускай мяжы 24 жніўня 2017 года.
Ён накіроўваўся ў Гомель на сустрэчу з Таццянай Яршовай (у інтэрв’ю журналістам яна прызналася, што сустрэча адбылася з ініцыятывы ФСБ).
МУС Беларусі тады паведаміла, што не затрымлівала Грыба, а 7 верасня высветлілася, што Павел Грыб знаходзіцца ў расійскім СІЗА ФСБ у Краснадары. Расійскія сілавікі сцвярджаюць, што затрымлівалі хлопца ў Смаленскай вобласці.
Пазней Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прызнаў вінаватым Паўла Грыба быццам бы ў закліках да тэрарызму і схілення да тэракту, прысудзіўшы яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Паводле суда, 27 сакавіка па 15 мая 2017 года Грыб, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, праз інтэрнэт заклікаў адну з старшакласніц у Сочы прывесці ў дзеянне самаробнае выбуховае прыстасаванне на выпускным вечары 30 чэрвеня, а пасля гэтага рэкамендаваў ёй пакінуць тэрыторыю Расіі. Зыходзячы з тэксту абвінавачвання, Грыб даваў ёй падрабязныя інструкцыі па вырабе самаробнага выбуховага прыстасавання і яго закладцы.
На судзе Грыб заявіў пра невінаватасць і адмовіўся даваць паказанні. Павел заявіў, што яго паказанні, якія змяшчаюцца ў пратаколе за 2017 год, не адпавядаюць рэчаіснасці і на яго ціснулі, каб ён іх падпісаў.
Пазней Павел Грыб абвясціў галадоўку, а бацька палітвязня паведаміў, што яго сын пакутуе партальнай гіпертэнзіяй, яму патрабуецца медыкаментозная падтрымка, пастаянная жорсткая дыета, нармальныя ўмовы жыцця, а таксама аперацыя.
«Калі ён застанецца там цяпер і яму не зробяць аперацыю – ён памрэ, – сказаў Ігар Грыб. – Украінскі прафесар Васіль Прытула, якія лечыць Паўла з самага дзяцінства, на падставе аналізаў, якія зрабілі расійскія медыкі, кажа, што ў Паўла прагрэсуюць хваробы і зараз з’явіліся новыя. Такія, як пачатковая стадыя цыроза пячонкі. Неўрапатолаг таксама сказаў, што ў сына маюцца сімптомы хваробы Альцгеймера. Урач быў у шокавым стане!”
Хутка будзе два гады, як украінскі палітвязень Павел Грыб знаходзіцца ў расійскай няволі…
palitviazni.info
Фота: svaboda.org