Фігуранты “справы графіцістаў”, разгляд якой завяршыўся позна ўвечары 29 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, аштрафаваныя: Вячаслаў Касінераў — на 30, Максім Пякарскі — на 40, Вадзім Жаромскі — на 50 базавых велічынь. Пры гэтым яны прызнаныя вінаватымі толькі ў пашкоджанні маёмасці, злоснага хуліганства ў іх дзеяннях не ўстаноўлена.
Раней, у ходзе пасяджэння, пракурор Уладзімір Сцяпурка прасіў пакараць Максіма Пякарскага штрафам 500 базавых велічынь, Вадзіма Жаромскага прыцягнуць да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы адбывання, Вячаслава Касінерава — да паўтара года абмежавання волі без накіравання ў месцы адбывання, інфармуе БелаПАН.Беларускія праваабаронцы, у выпадку рэальных тэрмінаў пакарання, гатовыя былі прызнаць актывістаў палітвязнямі.
“Уся гэтая істэрыя са “справай графіцістаў” стала лагічным працягам таго жудаснага мінулагодняга ціску на моладзевыя субкультуры і нізавыя ініцыятывы. А прычына толькі адна – страх перад маладосцю збоку састарэлых хціўцаў ад улады”, – так пракаментаваў працэс сайту palitviazni.info адзін з фігурантаў справы Вадзім Жаромскі.