Уладзімір Кобец: Пытанне палітычных пераследаў да гэтага часу не знятае з павесткі дня

ai-155589-aux-head-20150615_Kobets_360Уладзімір Кобец, які ў 2010 годзе быў кіраўніком выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, быў кінуты за краты, а пасля вызвалення з’ехаў за мяжу распавёў сайту palitviazni.info пра падзеі 19 снежня 2010 году, “справу Кондруся” і беларуска-еўрапейскія стасункі

“Як вядома, 19 снежня 2010 г. дзясяткі тысяч грамадзянаў Беларусі выйшлі ў цэнтр Мінску каб мірна пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, – успамінае Уладзімір Кобец. – Маніфістацыя была брутальна падаўлена, збіты і арыштаваны сотні людзей, большасць кандыдатаў у прэзідэнты і сябраў іх штабоў апынуліся за кратамі па прыдуманым абвінавачванні ў масавых беспарадках…”

– Ад таго часу ўлады выкарыстоўваюць артыкулы ўзбуджанай імі крымінальный справы для расправы з апанентамі, – кажа Уладзімір Кобец. – А арышт Уладзіміра Кондруся спатрэбіўся, каб нагадаць грамадству, што справа гэта жыве. І нагадалі акурат перад парламенцкімі «выбарамі» і магчымымі пратэстамі людзей пасля іх, бо ніякіх зменаў ні ў выбарчым заканадаўстве Беларусі, ні ў палітычным клімаце краіны не адбылося. Таксама не адбылася рэабілітацыя рэпрэсаваных па справе «19 снежня» палітыкаў — яны па гэты час пазбаўленыя права вылучацца на выбарах, многія вымушаны заставацца па-за межамі краіны. Таму казаць што пытанне палітычных пераследаў знята з павесткі дня, заўчасна.

– Як гэта стасуецца з тым, што зараз беларускія ўлады паказваюць так званую лібералізацыю Еўропе?

– Лібералізацыя менавіта «так званая», а не сапраўдная — ніякіх фундаментальных, прынцыповых зменаў не адбылося і нават не планавалася — ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы. Таму гэтую «лібералізацыю» улады могуць скончыць так хутка, як скончылі яе 19 снежня 2010 году. У Еўропы зараз свае праблемы. Напрыклад, міграцыя. Вялікая частка насельніцтва планеты ў выніку геапалітычных зрухаў вырашыла перасяліцца ў заможны Еўразвяз. Расійская агрэсія супраць Украіны моцна паўплывала на сітуацыю ў нашай частцы кантыненту. Таму ў ЕС адбываецца пераасэнсаванне унутранай і знешняй палітыкі, вельмі шмат увагі надаецца пытанням знешняй бяспекі, пра што па заканчэнні Халоднай вайны не надта задумваліся. У пэўны момант перамог так званы «рэалпалітык» – да часу ў ЕС вырашылі заплюшчыць вочы на праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, якія так і не былі вырашаныя дагэтуль, бо ніхто імі апрача саміх беларусаў, сур’ёзна не займаўся. Нават тыя санкцыі, якія нядаўна былі знятыя з рэжыму, з большага насілі сімвалічны характар.

Ад Захаду рэжыму патрэбныя крэдыты для далейшага ўтрымання той архаічнай і бязглуздай мадэлі, якая ўжо адняла і зараз адымае еўрапейскую перспектыву цэлых пакаленняў беларускага народу. Дзеля гэтага Мінск гатовы пагуляць у лібералізацыю. З улікам эканамічных і знешніх пагрозаў, Беларусі патрэбна не імітацыя, а сурьёзныя і рашучыя змены. Яны маглі б пачацца не з закулісных перамоваў паміж еўрабюракратамі і рэжымам — з гэтага нічога добрага і не пачнецца — а з сапраўднага унутрыбеларускага дыялогу паміж уладай і апазіцыяй, праз разняволенне СМІ, правядзенне дэмакратычных і вольных выбараў, а не чарговага шоу. Гэта трэба зрабіць як найхутчэй, калі сур’ёзна думаць пра захаванне незалежнасці у наваколлі, якое хутка змяняецца і заняць пачэснае месца сярод вольных народаў Еўропы, якое па праву належыць Беларусі.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Васіль Лявонаў
  • Антон Койпіш
  • Алег Федаркевіч
  • Анатоль Букас
  • Аляксей Янушэўскі