Дзевяноста тысяч даляраў у беларускіх рублях плануюць сплаціць праваабаронцы дзяржаве. Гэта тыя грошы, якія асуджаны лідар праваабарончага цэнтру “Вясна” павінен выплаціць у якасці страты. Грошы сабраныя шляхам добраахвотных ахвяраванняў.
Па словах юрыста Валянціна Стэфановіча, “вясноўцы” самі нават адмовіліся ад часткі ўласнай маёмасці і заробкаў за некалькі апошніх месяцаў, каб сабраць такія вялікія грошы. Над офісам арганізацыі навісла сур’ёзная пагроза канфіскацыі.
– Мы разлічваем на тое, што магчыма гэта паўплывае на лёс Алеся Бяляцкага. Мы зыходзілі з таго, што павінны зрабіць усё магчымае, каб Бяляцкі быў вызвалены. Таму было прынята рашэнне правесці гэту кампанію. Яна ініцыявана была лідарамі праваабарончых і грамадскі арганізацый Беларусі з мэтай кампенсацыі так званай шкоды, якая фігуруе ў гэтай справе. Падкрэслю, што гэта не мяняе пазіцыю ні абароны ні самога абвінавачанага. Яны па-ранейшаму віну не прызнаюць.
Арыштаваны ў жніўні Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Суд вырашыў, што Бяляцкі мусіў плаціць падаткі з тых грошай, якія ішлі на дапамогу рэпрэсаваным. 24-га студзеня адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі палітвязня на прысуд.
racyja.com