Падчас прэзентацыі фотаальбома, прысвечанага падзеям мінулага году, кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў пра мінулагоднія рэпрэсіі, палітвязняў і гучныя палітычныя справы.
Пра фотаальбом і турэмную літаратуру
— Ва ўсім новым ёсць частка старога. Калі мы прыдумвалі назву да гэтага фотаальбома, то прыйшла на памяць назва кнігі “Менская вясна-96”. Асацыятыўна нашыя “гарачыя” вёсны адбываюцца практычна штогод. І мінулы год не стаў выключэннем. Праваабарончы цэнтр “Вясна” рыхтуе дастаткова багата аналітычных матэрыялаў, якія больш юрыдычнага плана (штомесячныя агляды, гадавы даклад), але фотаальбом – гэта кніга іншага плану. У ёй адсочаны практычна ўсе асноўныя падзеі, якія адбываліся на працягу 2017 года, і ў выніку атрымалася дастаткова драматычная гісторыя. У кнізе – адчуванне драматычнасці гісторыі ў трагічных лёсах людзей, якія прадстаўлены ў альбоме. І ўсё гэта падмацавана выдатнымі фотаздымкамі.
Дарэчы, мы распачалі таксама серыю “Турэмная літаратура”, і некаторыя кнігі ўжо выйшлі ў свет – творы былых палітвязняў Ігара Аліневіча, Зміцера Дразда, Міколы Дзядка. Зараз рыхтуюцца да друку ўспаміны Алеся Кіркевіча. Думаю, такая літаратура таксама мае права на жыццё і застаецца вельмі актуальнай. Палітычныя зняволеныя паказалі ў сваіх кнігах складанасць і драматычнасць таго часу, у якім мы жывем.
Пра мінулы год і сёняшнія рэпрэсіі
– 2017 год быў дастаткова напружаным. Толькі па падліках праваабаронцаў было больш за 250 адміністрацыйных арыштаў, у той час, як ў 2016 годзе – толькі адзін. Адным словам, улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій. Яны вярнуліся да тых практык, якія былі раней. Натуральна, гэта выклікана масавымі акцыямі, бояззю ўлады згубіць кантроль над грамадствам. І ў той жа час гэта быў сур’ёзны выклік для праваабарончых арганізацый, таму што мы займаліся пацярпелымі людзьмі, аказвалі ім магчымую дапамогу.
Трэба сказаць, што акрамя арыштаў, былі вельмі папулярныя і штрафы. Зафіксаваны 551 выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Агульная сума штрафаў складае больш за 135.000 еўра без уліку журналістаў. Хаця фактычна ўсе акцыі ў мінулым годзе былі мірныя. Мы не зафіксавалі ніводнай акцыі, дзе з боку дэманстрантаў ўжывылася б грубая сіла.
Зрэшты, да гэтага часу працягваецца практыка пераследу грамадскіх актывістаў і, як мы ведаем, зараз, напярэдадні Дня волі, былі ізноў затрыманы і адпраўлены на “суткі” Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Някляеў і Максім Вінярскі. Тое самае адбываецца і з пераследам незалежных журналістаў, у гэтым годзе ім вынеслі ўжо дзесяць штрафаў. Калі справа так пойдзе і далей, то па штрафах будзе пабіты нават мінулагодні рэкорд.
Можно сказаць, што прэсінг ідзе і ў дачыненні да праваабаронцаў, таму што мы памятаем, як год таму ў наш офіс уварваўся АМАП, усіх затрымалі. Пераслед адчулі і калегі з іншых гарадоў Беларусі. Людзей затрымліваліся за сваю дзейнасць.
Пра палітвязняў і палітычныя справы
– Апроч адміністрацыйных працэсаў былі ў мінулым годзе і крымінальныя. Мы зафіксавалі 40 асобаў, якія падвергуліся крымінальнаму пераследу за сваю грамадска-палітычную дзейнасць. Гэта найперш гучная “справа патрыётаў”, па якой праходзіла 35 чалавек. І што самае абуральнае – пасля таго, як людзей выпусцілі на волю і такім чынам пацвердзілі, што яны невінаваты, улады нават прабачэння не папрасілі. Я ўжо не кажу пра выплату нейкай кампенсацыі.
Зараз, дарэчы, мы спрабуем дапамагаць тым фігурантам “справы патрыётаў”, якія падаюць іскі ў суд на выплату кампенсацыі за ўтрыманне ў няволі. Нехта страціў працу, хтосьці займеў іншыя праблемы. І пры гэтым улады зрабілі выгляд, як быццам нічога і не было. Пры гэтым самая разынка, мабыць, з аўтаматам, які быццам бы быў у справе, але затым яго не стало. І куды ён знік? Гэта ж зброя! Як бачым, міфы, якія ствараюцца спецслужбамі у пераследзе грамадскіх актывістаў, сталі рэаліямі нашага жыцця.
Апроч тых людзей, якія падвяргаліся пераследу па “справе патрыётаў”, трэба ўзгадаць і гучную палітычную справу ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза РЭП. Ігар Комлік адсядзеў два месяцы ў СІЗА, Генадзь Фядыніч застаецца пад падпіскай аб нявыездзе. Справа не закрыта, яна працягваецца і ў гэтым годзе. Працягнуты следчыя дзеянні, сотні шэраговых сябраў незалежнага прафсаюза па ўсёй Беларусі выклікаюцца на допыты. У гэтым мы, безумоўна, бачым прэсінг у дачыненні да незалежнай арганізацыі. Гэта пэўны сігнал страху, які ўлады распаўсюджваць у адносінах да беларускай грамадзянскай супольнасці з тым, каб перашкодзіць дзейнасці актыўным арганізацыям.
Акрамя таго, варта нагадаць і сумную справу палітвязня Зміцера Паліенкі. У 2016 годзе ён быў асуджаны ўмоўна, але праз год умоўны тэрмін стаў рэальным за яго актыўны ўдзел у мірных акцыях. Усё гэта прывяло да таго, што зараз хлопец знаходзіцца за кратамі, праваабаронцамі ён прызнаны палітычным зняволеным.
Гэта асноўныя вехі мінулага году, якія мы ўзгадалі ў кнізе, але іх было значна больш. Спадзяюся, што дзякуючы выдатнай працы фатографаў, гэтая кніга не будзе сумнай, а яе можна будзе паглядзець і ўсвядоміць масштабы рэпрэсій, якія ўлады ўжываюць у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў.
А мы будзем працягваць сваю дзейнасць, свае інфармацыйныя праекты, маніторыць сітуацыю і расказваць людзям праўду.
palitviazni.info