Наталля Пінчук, жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага, атрымала пісьмовую адмову ў дэпартаменце выканання пакаранняў МУС на просьбу адпусціць яе мужа з жодзінскага СІЗА развітацца з бацькам, які памёр 24 снежня. Вусная адмова таксама была атрымана ў пракуратуры, паведаміла Пінчук БелаПАН.
У абодвух ведамствах спаслаліся на тое, што заканадаўствам не прадугледжана магчымасць такога спаткання для асоб, у дачыненні да якіх прысуд яшчэ не ўвайшоў у законную сілу. У адпаведнасці з законам “асоба, якая ўтрымліваецца пад вартай, мае права на зносіны з абаронцамі, спатканне з блізкімі сваякамі і членамі сям`і ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у прызначаных для гэтых мэтаў памяшканнях месцаў утрымання пад вартай; іншага парадку давання спаткання асобам, у дачыненні да якіх прысуд не набыў законную моц, не прадугледжана”.
У дэпартаменце выканання пакаранняў і пракуратуры праігнаравалі рашэнне суда Першамайскага раёна Мінска ад 26 снежня, які выдаў чарговы дазвол на развітанне асуджанага праваабаронцы з нябожчыкам. Рашэнне адпусціць Бяляцкага на развітанне суд выносіць ужо трэці раз, але рэалізаваць яго так і не ўдалося.
Віктар Усцінавіч Бяляцкі памёр 24 снежня на 84-м годзе жыцця. Пахаванне пройдзе 27 снежня ў Светлагорску (Гомельская вобласць).
На мінулым тыдні родныя Бяляцкага прасілі адпусціць яго развітацца з бацькам, які паміраў. 19 снежня суд Першамайскага раёна даў дазвол на спатканне. Аднак у следчым ізалятары Жодзіна, дзе зараз знаходзіцца Бяляцкі, заявілі, што паперы аформлены неналежным чынам. Акрамя таго, у адміністрацыі СІЗА сказалі, што ў іх няма магчымасці канваяваць Бяляцкага ў Мінск і арганізаваць бяспеку. Спробы перааформіць дазвол былі беспаспяховымі.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Мінск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе. Пасля польскія і літоўскія ўлады выказалі прабачэнні Бяляцкаму і яго сям’і.
belapan.com