Былы беларускі палітвязень Юрый Рубцоў па-ранейшаму чакае ў Германіі рашэння суда на сваю апеляцыю па адмове ў палітычным прытулку.
“Вяртацца дадому няма жадання, але не ўсё залежыць ад мяне”, – распавёў ён сайту palitviazni.info.
Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.
28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня, але ён вырашыў падаць апеляцыю на адмову.
– Па маёй справе працуюць юрысты, якіх прадаставіла “Міжнародная амністыя”, але ніякай інфармацыі з нагоды таго, калі адбудзецца суд, у мяне няма, – распавядае Юрый Рубцоў. – Адавакт запрасіў у мяне неабходную інфармацыю, я яе прадаставіў. Усё астатняе будзе вядома толькі пасля суда.
– Чым вы апошнім часам займаецеся ў Германіі?
– Тры дні на тыдзень па тры гадзіны ў дзень вывучаю нямецкую мову. І, да таго ж, працую па чатыры гадзіны ў дзень. Дарэчы, ужо чацвёрты дзень працую па 8 гадзін, што ўжо можна лічыць поспехам. А вось поспехі ў вывучэнні нямецкай мовы, на жаль, пакуль не асабліва вялікія. Тэксты разумею добра, а вось з размоўнай мовай пакуль ёсць праблемы.
– Ці шмат зараз у Германіі жадаючых атрымаць прытулак?
— Колькасць бежанцаў значна зменшылася. Дакладна гэта ведаю, бо працую ў арганізацыі, якая прадастаўляе жыллё гэтай катэгорыі людзей, і аплочвае камунальныя паслугі за іх. У ліпеня і жніўні плануецца скарачэнне ў гэтай арганізацыі.
— Гатовы да таго, што, магчыма, прыйдзецца вярнуцца дадому, калі вашу апеляцыю не задаволяць?
— Шчыра кажучы, вяртацца дадому няма ніякага жадання, але ў дадзеным выпадку не ўсё залежыць ад мяне.
palitviazni.info