Жонка Эдуарда Пальчыса: Я бачу аптымізм мужа, яго нязломнасць і веру ў тую справу, што ён рабіў

D0FB838E-9A38-45F9-9929-BE6700782F8C_cx0_cy4_cw0_w987_r1_s_r1Жонка блогера Эдуарда Пальчыса, якога праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнем, распавяла сайту palitviazni.info пра справу мужа і суд над ім, які пачнецца 14 кастрычніка.

“Мяркую, улады разумеюць, што справа, як кажуць, шытая белымі ніткамі, няма рэальных доказаў вінаватасці мужа, – кажа Вікторыя. – Магчыма, не хочуць, каб міжнародныя назіральнікі і журналісты бачылі, як развальваецца гэтая справа. А за закрытымі дзвярыма могуць вынесці абсалютна любы прысуд. Хаця ўсе мы спадзяемся на лепшае…”

З ДАВЕДКІ

Эдуард Пальчыс – блогер і публіцыст, больш вядомы пад нікам “Джон Сільвер”. Заснавальнік сайта 1863x.com.

 У лістападзе 2015 года Пальчыс паведаміў аб затрыманні КДБ і прымусовым знаходжанні ў псіхіятрычнай лякарні. Пасля гэтага ён пераехаў ва Украіну.

Аб затрыманні ў Расіі Эдуарда Пальчыса стала вядома напрыканцы студзеня 2016 году. Пазней адно расійскае нацыяналістычнае выданне паведаміла, што беларус быў затрыманы пры перасячэнні украінска-расійскай мяжы і ўтрымліваецца ў бранскай турме.

Напрыканцы мая 2016 года блогера экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту.

Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязням.

– Я пазітыўна ўспрыняла навіну, што праваабаронцы прызналі Эдуарда палітычным зняволеным, – кажа Вікторыя. – Думаю, што мужа і так адпусцяць на волю, але няхай ён будзе палітвязнем, а не распаўсюджвальнікам парнаграфіі, як гэта хочуць прадставіць грамадскасці ўлады і іх прапаганда. І няхай людзі бачаць, у чым сутнасць гэтай справы, бо рэзананс пасля надання статуса палітвязня, безумоўна, будзе большы.

– Суд плануе весці пасяджэнні ў закрытым рэжыме. Чаму, на ваш погляд, прынята такое рашэнне?

– Мяркую, улады разумеюць, што справа, як кажуць, шытая белымі ніткамі, няма рэальных доказаў вінаватасці мужа. Магчыма, не хочуць, каб міжнародныя назіральнікі і журналісты бачылі, як развальваецца гэтая справа. А за закрытымі дзвярыма могуць вынесці абсалютна любы прысуд. Вось як вырашаць – так яно і будзе.

– Што піша вам Эдуард апошнім часам?

– Ён таксама разумее, адкуль ногі растуць. Бачыць, што ў адносінах да яго адбываецца шмат несправядлівасці. У тым ліку, калі 25 жніўня яго наогул не прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна, дзе разглядалася справа аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія былі на сайце 1863х.com. Дарэчы, у выніку таго пасяджэння 9 артыкулаў і былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Але чаму справа разглядалася без галоўнага фігуранта? Яго слова нічога не значыць і не патрэбныя? Ці можа вынік вядомы быў загадзя, а таму не палічылі патрэбным нават стварыць хаця б бачнасць законнасці? Тым больш, што Эдуард у пісьмовай форме выказваў просьбу прысутнічаць на тым судовым пасяджэнні.

Зрэшты, муж да такіх акалічнасцей і складанасцей жыцця адносіцца з гумарам: маўляў, гэта ж трэба было так напалохаць суддзяў, што мяне нават бачыць баяцца.

– Многія эксперты і аналітыкі выказваюць меркаванні, што ў першую чаргу ў арышце Эдуарда Пальчыса былі зацікаўлена расійскія спецслужбы, а “браты-беларусы” вырашылі ў гэтым пытанні з задавальненнем дапамагчы. Можа быць, пасля гэтага і Масква стане больш шчодрая…

– Адразу трэба сказаць, што мы не можам пра нешта казаць з упэўненасцю на 100 працэнтаў. Калі нейкія “распрацоўкі” і вяліся, то гэта застаецца закрытай інфармацыяй. Але расійскі фактар, безумоўна, прысутнічае, бо затрымлівалі ж Эдуарда ў Расіі. Безумоўна, расіняам не падабалася, што муж на сваім сайце  паказваў расійскую агрэсію ва Украіне, папярэджваў, што Масква ўяўляе пагрозу і для Беларусі. Але праца мужа – гэта звычайны клопат пра сваю Радзіму звычайнага грамадзяніна Беларусі. А зараз яго абвінавачваюць у распальванні нацыянальнай варожасці.

Але я не выключаю, што ў Расіі маглі папрасіць беларускіх калег-сілавікоў закрыць рот “антырасійскаму рупару”.

– Пасля таго, як у Беларусі пачаўся пераслед, Эдуард з’ехаў ва Украіну, але затым быў затрыманы ў Расіі. Навошта ён туды паехаў?

– На гэтае пытанне, думаю, пры магчымасці адкажа сам муж.

– Вікторыя, колькі вы ў шлюбе з Эдуардам?

— Крыху больш за год – мы пажаніліся ў верасні мінулага году. А ўжо ў студзені мужа арыштавалі.

– Доўгі час Эдуард працаваў ананімна, пад нікам “Джон Сільвер”. Вы ведалі, чым ён займаецца?

–  Безумоўна, у нас не было сакрэтаў адзін ад аднаго.

– А не было апасенняў, што ўсё можа закончыцца не вельмі добра?

–  Не было, таму што муж не рабіў нічога супрацьзаконнага. Нават я, калі б нешта бачыла такое, што ішло ў разрэз з законам, была б супраць гэтага. Але Эдуард казаў так: “Я раблю добрую справу. Людзі павінны бачыць, што адбываецца насамрэч”. Сваю працу ён успрымаў у пэўным сэнсе, як гульню, якая, паўтаруся, праходзіла ў межах закона. Мне здаецца, муж і да гэтага часу не бачыць нейкіх значных парушэнняў закона ў сваёй працы на сайце, каб супраць яго ўжывалі такія жорсткія меры.

— Кажуць, што добра спадзявацца на лепшае, але варта разліваць і на горшае….

— Мы ўсе разлічваем толькі на лепшае. Разумею, што беларускім уладам хочацца паказаць сваю адданасць Расіі, і працэс над Эдуардам Пальчысам – гэта такі своеасаблівы паветраны пацалунак у бок усходняга суседа. Але ў той жа час і Захаду трэба рукой памахаць, бо крэдыт Міжнароднага валютнага фонда – вельмі прывабны кавалак. Таму ўсе гэтыя фактары, думаю, так ці інакш, але пэўным чынам паўплываюць на канчатковае рашэнне суда.

– Вы сустракаліся з мужам у ізалятары?

– Не. Для гэтага трэба браць у следчага дазвол на спатканне, але я яго не атрымала. Зрэшты, і па лістах я бачу аптымізм мужа, яго нязломнасць і веру ў тую справу, што ён рабіў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Фёдар Мірзаянаў