Былы палітвязень Сяргей Скрабец, каб кампенсаваць нанесены дзяржаве матэрыяльны ўрон, павінен выплочваць грошы каля 150 (!) гадоў. Яшчэ ён мусіць выплаціць каля 1,5 мільярды рублёў.
“Кожны месяц плачу ў банк 600 тысяч, – распавёў Сяргей Скрабец сайту palitviazni.info. – Нармальнай працы няма, да таго ж працягваюцца канфіскацыі…”
Нагадаем, у свой час былы генеральны дырэктар ЗАТ “Белбабаеўскае”, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец быў адпраўлены за краты за быццам бы нанесены дзяржаве матэрыяльны ўрон.
Будучы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Скрабец узначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”, якая была ў адкрытай апазіцыі да ўлады.
Выйшаўшы на волю ў 2006 годзе, ён у асноўным беспаспяхова спрабаваў уладкавацца на працу.
“Увогуле, у 2006 Вярхоўны суд прысудзіў, што я павінен выплаціць прыкладна 700 мільёнаў рублёў (прыкладна паўмільёна долараў), – распавядае былы бізнесмен і дэпутат. – Але ў сувязі з тым, што была пастаянная інфляцыя, суму мне павысілі да паўтары мільярда. Я лічу, што гэта проста незаконна, хаця, шчыра кажучы, для мяне непад’ёмныя абедзве сумы. Улічваючы, што працу было знайсці даволі складана, кожны месяц выплочваю банку па 600 тысяч рублёў”.
У лютым гэтага году былы палітвязень усё ж-такі знайшоў працу – ён даглядае за інвалідам I групы, за што атрымлівае дапамогу каля паўтара мільёна. Сума невялікая, але не ставіць Скрабца у шэраг лайдакоў.
“Хаця і плачу кожны месяц па судоваму рашэнню, але судовыя выканаўцы ўсё роўна стараюцца хоць нешта канфіскаваць, – працягвае ён. – Вось не так даўно ў маіх бацькоў тэлевізар канфіскавалі. Уяўляеце, не паверылі, што бацька, які 40 гадоў адпрацаваў кіраўніком завода, не змог за гэты час назбіраць грошай на тэлевізар. Маўляў, гэта я яму купіў. Канфіскавалі і нават выкупіць назад не дазволілі. Гэта, дарэчы, шостая канфіскацыя ў маіх бацькоў на працягу апошніх дзесяці гадоў. Забралі сценку “Свір”, спальню “Шчара”, старыя дываны, сталы, якім па 30 гадоў. Нават унітаз выдралі і, напэўна, выкінулі яго. Як сказаў бацька: “Засталося надзімаць матрацы і спаць на іх”. А бацька – паважаны чалавек. Тры гады ў Іраку працаваў, заслужаны работнік прамысловасці, заслужаны вынаходнік БССР… Але каго гэты цікавіць? Яму сказаў адзін судовы выканаўца: “Вы дрэнна сына выхавалі, таму зараз цярпіце з-за яго”. Канешне, тых сыноў, якія сёння гатовыя лізаць уладзе боты, выхавалі добра”.
Са слоў Сяргея Скрабца, судовыя выканаўцы таксама правялі ў яго дзве канфіскацыі і тры ў брата. Забіраюць абсалютна непатрэбныя рэчы.
“Канфіскавалі стары халадзільнік, – працягвае суразмоўца. – Ніхто ж не купіць, каму ён патрэбен? Толькі за яго ўтылізацыю трэба 20 долараў заплаціць. У брата выламалі сталешніцу. І я заўважаю, што актыўнасць у судовых выканаўцаў прачынаецца, калі набліжаецца якая-небудзь выбарчая кампанія. Мабыць, улада такім чынам хоча на мяне паўдзейнічаць”.
Якую суму ўжо пагасіў Сяргей Скрабец за 10 гадоў?
“Адмыслова не падлічваў, але, думаю, прыкладна каля 100 мільёнаў, – кажа экс-палітвязень. – Увогуле, каб разлічыцца з тым, што прысудзілі, мне патрэбна яшчэ недзе 150 гадоў”.
palitviazni.info