У Глыбоцкай калоніі не даюць інфармацыі пра палітвязня Змітра Дашкевіча. Паразмаўляюць з начальнікам калоніі №13, дзе ўтрымліваецца лідар “Маладога Фронту”, накіраваліся актывісты суполак Руху “За Свабоду”, Беларускага Хельсінскага Камітэта і Беларускай асацыяцыі журналістаў у Глыбокім.
“На размову да іх выйшаў намеснік начальніка калоніі, які фактычна не даў ніякай інфармацыі,” – кажа глыбоцкі актывіст.
– Мы хацелі даведацца, як там умовы ўтрымання Дашкевіча. Хацелі паразмаўляць з начальнікам калоніі — не атрымалася. Доўга яго чакалі, амаль што паўтары гадзіны. Ён не прыйшоў. Прыйшоў да нас яго намеснік Яўген Брэхун. Ён ніякай інфармацыі нам не даў. Сказаў, пішыце лісты асабіста Дашкевічу. Маўляў, ён сустракаецца з адвакатам, калі што яму патрэбна, то ён перадасць праз адваката.
Зміцер Дашкевіч быў арыштаваны 18-га снежня мінулага года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, і асуджаны на два гады зняволення. Паводле суда, Дашкевіч разам з іншым актывістам, Эдуардам Лобавым, збіў мінакаў на вуліцы Мінска. Асуджаныя і праваабаронцы заяўляюць, што гэта была правакацыя з боку спецслужбаў.
racyja.com