“Вясна” прыняла адкрыты зварот да КДБ

14 жніўня Правабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся да сілавікоў у зьвязку з сітуацыяй вакол ксяндза Уладзіслава Лазара.  Правабаронцы патрабуюць паведаміць, дзе знаходзіцца сьвятар, у якім ён стане, чаму і кім быў зьняволены, у чым канкрэтна абвінавачваецца. Як паведамлялася ў незалежных беларускіх СМІ, каталіцкі сьвятар з Барысава зьнік на самым пачатку лета, а амаль праз два месяцы  аказаўся арыштаваным.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці сабралі больш за тысячу подпісаў за вызваленне ксяндза У.Лазара. Беларусы Польшчы і іншых краінаў арганізавалі кампанію падтрымкі вязьня, даслаўшы яму дзясяткі лістоў на адрас СІЗА КДБ у Менску. Аднак праз некалькі дзён аказалася, што лісты вяртаюцца назад. 12 жніўня калектыўны зварот па справе У.Лазара накіраваў у Генпракуратуру аргкамітэт па стварэнні БХД.

Тым часам сам Камітэт дзяржаўнай бясьпекі захоўвае па справе айца Уладзіслава Лазара маўчанне. Як і раней са справай “шпіёна” Гайдукова, грамадскасьць апынулася ў складанай сітуацыі з-за браку інфармацыі па дадзенай справе.

Прыводзім поўнасьцю зварот ПЦ “Вясна”, які праясьняе пазіцыю правабаронцаў.

 

“Адкрыты зварот
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
14 Жніўня 2013 года
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае КДБ Рэспублікі Беларусь праінфармаваць грамадскасць аб прычыне і месцы ўтрымання пад вартай святара Уладзіслава Міхайлавіча Лазара, сутнасці прад’яўленага яму абвінавачвання.
Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя (артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах замацоўвае: кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю.
Карыстанне прадугледжанымі правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, такім чынам, спалучана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маралі насельніцтва.
Мяркуем, што інфармацыя аб затрыманні, змяшчэнні пад варту асобы, сутнасці падазрэнняў і абвінавачванняў, працэсуальным статусе, месцы ўтрымання і іншых аспектах, якія не маюць дачынення да дэталяў крымінальнага пераследу, не можа парушыць таямніцу следства, якая ахоўваецца па закону, і не паставіць пад пагрозу інтарэсы дзяржаўнай бяспекі, аховы грамадскага парадку.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» рэгулярна атрымлівае звесткі аб абмежаванні або парушэнні органамі ўлады,  дзяржавы правоў тых ці іншых асоб. Такія выпадкі маюць патрэбу ў адэкватнай рэакцыі з боку інстытутаў грамадзянскай супольнасці. Між тым, праваабаронцы, разумеючы адказнасць за непрадузятасць і аб’ектыўнасць сваіх меркаванняў, вымушаныя канстатаваць часам поўную адсутнасць афіцыйнай інфармацыі, нават у тых выпадках, калі тая, ці іншая справа мае шырокі грамадскі рэзананс.
Таму Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае кампетэнтныя органы дзяржавы – пракуратуру, МУС, КДБ, Следчы камітэт – інфармаваць з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і са старонак ўласных сайтаў аб кожным рэзанансным або стратэгічным выпадку абмежавання правоў грамадзян.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадвае, што незалежна ад цяжару прад’яўленага абвінавачвання, затрыманыя асобы карыстаюцца ўсімі правамі, за выключэннем тых, якія абмяжоўваюцца самім фактам ўтрымання ў няволі; катаванні, а таксама жорсткія, бесчалавечныя, прыніжаючыя асобу адносіны забароненыя”.

 palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Максім Дашук
  • Уладзімер Лыско
  • Яўген Скочка
  • Аляксандар Казулін
  • Сяргей Каваленка