Зьміцер Абадоўскі

Зьміцер Абадоўскі — сын Сяргея Абадоўскага, вядомага правабаронцы з г. Магілёву. Незадоўга да 20 ліпеня 1999 году — сканчэньня тэрміну кіраваньня прэзыдэнта А.Г. Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1996 г., калі апазыцыя мела намер ладзіць акцыі пратэсту — яго пачалі перасьледаваць. Прычынай стала правабарончая дзейнасьць бацькі Зьміцера.

Храналёгія перасьледу

10 ліпеня 1999 г. Зьміцер Абадоўскі быў затрыманы і зьмешчаны ў магілёўскі сьледчы ізалятар. Яго абвінавацілі спачатку ў двух крадзяжах. Ператрусы па справе Зьміцера Абадоўскага выглядалі дзіўна.  Пошукі “скрадзенага” вяліся чамусьці не на кватэры абвінавачваемага, а ў хаце яго бацькі-праваабаронцы. Нагадаем, Сяргей Абадоўскі ў той вызначальны для краіны момант займаўся маніторынгам парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку ў часе неафіцыйных выбараў прэзыдэнта ўлетку 1999 г., ініцыяваных намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету Віктарам Ганчаром (зьнік праз два месяцы, у верасьні 1999 г.).

У ліпені 1999 г. зьявілася яшчэ і абвінавачаньне ў згвалтаваньні. Крымінальная справа выглядала сфабрыкаванай, тым больш што нават сама “пацярпелая” не пазнала на сьледчым апазнаньні “гвалтаўніка”, паказаўшы на зусім іншага чалавека.

За час сьледзтва Зьміцер Абадоўскі 4 разы трымаў у турме галадоўкі пратэсту супраць прававога безьмежжа ў дачыненьні да яго і ягонай сям’і. Усяго ён галадаў 55 дзён, з якіх агулам 18 дзён двойчы трымаў сухія галадоўкі. Пасьля другой з іх Зьміцер трапіў у цяжкім стане ў рэанімацыю.

Справа Зьміцера Абадоўскага разглядалася ў судзе некалькі разоў. Першы разгляд скончыўся яго асуджэньнем да 6 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за крадзеж абутку. Па другім эпізодзе крадзяжу Зьміцер быў цалкам апраўданы, бо меў поўнае алібі — на момант ўчыненьня злачынства адсутнічаў у горадзе. Пасьля прысуд быў адменены Магілёўскім абласным судом, які  накіраваў справу на паўторны разгляд. Вынікам другога суду стала накіраваньне справы на дадатковае рассьледаваньне. Праваабаронцы тады адзначалі, што Зьміцер Абадоўскі застаўся ў СІЗА, а не быў выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе, што дазваляў зрабіць закон у дадзеным выпадку. У адпаведнасьці з новым Крымінальна-працэсуальным кодэксам, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2001 г. не дапускалася знаходжаньне ў СІЗА даўжэй за 18 месяцаў.

Зьміцер Абадоўскі правёў у вязьніцы больш за 2 гады.

Гэта была ўжо не першая спроба судовых органаў паўплываць на Сяргея Абадоўскага праз ягоных сыноў. У 1998 годзе пасьля крымінальнага перасьледу за ўдзел у акцыях апазыцыі быў вымушаны папрасіць палітычнага прытулку ў Польшчы другі ягоны сын — Янка.

23 сакавіка 2003 году бацька палітвязьня, праваабаронца Сяргей Абадоўскі, раптоўна памёр на 53-м годзе жыцьця.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Грыбкоў
  • Алесь Чарнышоў
  • Анатоль Шумчанка
  • Алесь Круткін
  • Яўген Сувораў