Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык, разам з Юрыем Хадыкам, зьяўляецца першым беларускім палітвязьнем постсавецкага пэрыяду.

Нарадзіўся ў Менску 18 сьнежня 1962 году ў сям’і навукоўцаў. У дзяцінстве каля дзесяці гадоў пражыў з бацькамі ў Абхазіі, потым сям’я вярнулася ў Беларусь. Вячаслаў фармаваўся ў асяродзьдзі, дзе немагчыма было не адчуваць сваёй нацыянальнай прыналежнасьці.

У 1984 г. скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, некаторы час працаваў у Абхазіі. У 1988 годзе вярнуўся жыць і працаваць на Радзіму. Працаваў у ВА “Беларусьгеалёгія” і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Займаўся пытаньнямі экалёгіі і наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

У 1989 г. стаў сябрам Беларускага Народнага Фронту. На момант свайго арышту 26 красавіка 1996 г., пасьля правядзеньня ў Менску “Чарнобыльскага шляху”, Вячаслаў Сіўчык быў адказным сакратаром Управы БНФ.

Храналёгія перасьледу

Быў абвінавачаным у межах крымінальнай справы па артыкуле “Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх”, узбуджанай супраць БНФ увесну 1996 г.  (гэта тая самая справа, калі пад пагрозай арышту і правакацый быў вымушаны эміграваць лідэр БНФ Зянон Пазьняк).

Утрымліваўся ў менскім СІЗА на вул. Валадарскага, амаль адразу абвесьціў безтэрміновую галадоўку пратэсту, каб уратаваць ад арыштаў іншых сяброў БНФ. Галадоўка працягнулася 21 дзень, да ягонага вызваленьня пад ціскам міжнароднай супольнасьці і пратэстаў на вуліцах Менску. 17 траўня 1996 г. Сіўчык быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе. Напярэдадні ён тры дні правёў у рэанімацыі. Справа была канчаткова закрытая толькі празь некалькі гадоў.

Быў арганізатарам перакрыцьця менскага праспэкту імя Францішка Скарыны ў 1998 і 1999 гадох, калі Лукашэнка і Ельцын падпісывалі пагадненьні аб стварэньні саюзнай дзяржавы. У 2001–2002 гады браў удзел у абароне Курапатаў.

11 студзеня 2003-га рашэньнем Сойму БНФ выключаны з партыі БНФ “за дэструктыўную дзейнасьць… і непадпарадкаваньне рашэньням Сойму”.  Да гэтага моманту ён займаў у партыі розныя пасады і курыраваў яе моладзевае крыло (у 1998 г. аформілася ў “Малады Фронт” пад старшынствам Паўла Севярынца). Шмат разоў Вячаслаў Сіўчык мэтанакіравана затрымліваўся і быў неаднаразова моцна зьбіты, трапляў у шпіталь з траўмамі, страсеньнем мазгоў. Супраць яго быў ўчынены таксама шэраг правакацыяў.

Ініцыятар стварэньня шэрагу грамадзкіх арганізацыяў (“Малады Фронт”, Беларускі жаночы рух “За адраджэньне Айчыны” ды іншых).

На Дзень Волі ў 2004 г., пратэстуючы супраць забароны масавага сьвяткаваньня, Сіўчык разам з трыма іншымі актывістамі апазыцыі прыкуў сябе ланцугом да слупу на Кастрычніцкай плошчы Менску.

У лістападзе 2004 г. быў кіраўніком беларускай суполкі на ўкраінскім Майдане, у намётавым лягеры пратэстоўцаў супраць сфальсіфікаваных выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Усяго ва ўкраінскай Памаранчавай рэвалюцыі ўзялі ўдзел каля 200 беларускіх актывістаў.

У сярэдзіне 2000-х Вячаслаў Сіўчык пачаў ствараць Рух салідарнасьці “Разам!”, падтрымаў барацьбу прадпрымальнікаў за іхнія правы.

У сакавіку 2006 г., пасьля праведзеных у няроўных для ўлады і апазыцыі ўмовах прэзыдэнцкіх выбараў, Вячаслаў Сіўчык стаў адным з арганізатараў намётавага мястэчка пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менска (удзельнікі 4-сутачнай акцыі далі ёй сваю назву — Плошча Каліноўскага). Гэта быў адзіны прадстаўнік пакаленьня “старой” апазыцыі, які правёў 3 дні і 4 ночы разам з пратэстуючай моладзьдзю. Усе палітыкі, здольныя ў той сітуацыі да рэальнага дзеяньня, як Севярынец, Статкевіч альбо Лябедзька, былі ізаляваныя ўладамі і знаходзіліся за кратамі. За некалькі гадзін да разгону намётавага мястэчка, прыкладна каля 20.00 23 сакавіка, спэцслужбы знайшлі спосаб выманіць Вячаслава за межы жывога ланцугу, які пратэстоўцы трымалі вакол лягеру. Яго схапілі невядомыя ў масках і ўсю ноч пратрымалі ў аўтобусе, зьбіваючы і інсцэніруючы расстрэл.

Толькі раніцай затрыманыя на Плошчы змаглі мімаходзь пабачыць зьбітага Вячаслава ў калідорах ізалятара на Акрэсьціна — твар у натхняльніка вулічных пратэстаў быў сіні ад зьбіцьця. Ён трапіў у шпіталь, адкуль праз чатыры дні проста з-пад носу варты — сілавікоў у цывільным — Сіўчыка вывезьлі і схавалі сябры (за інцыдэнт, які нібыта меў дачыненьне да гэтых уцёкаў, у сьнежні 2006 г. быў арыштаваны і правёў некалькі месяцаў у СІЗА яго брат Кастусь Лукашоў). Вячаслаў таемна зьехаў ва Ўкраіну. На Радзіме тым часам яго завочна асудзілі на 15-суткавы арышт, які ён адбыў пазьней, ужо пасьля вяртаньня з Украіны ў верасьні 2006 г.

У 2006-2007 г. Сіўчык стаў на чале Мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК). Мэмарыяльная сэкцыя ўвекавечвала памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі, аб беларускім нацыянальным супраціве таталітарным рэжымам, усталёўваючы на месцы забойстваў беларусаў памятныя крыжы. У 2009 г. кіраўнік арганізацыі Антон Астаповіч абвінаваціў Сіўчыка і ягоных паплечнікаў у палітызацыі іхняй дзейнасьці, што супярэчыць Статуту і выклікае папярэджаньні Мінюсту. Увесну 2009 г. Сіўчык быў асуджаны да адміністратыўнага арышту за ўсталяваньне памятнага крыжа ў Старадарожскім раёне Менскай вобласьці,  які давялося адбываць ў ізалятары г. Старыя Дарогі ва ўмовах катаваньняў. Гэта вельмі падарвала ягонае здароўе.

У 2010 г. пасьля сьнежаньскага разгону акцыі на Плошчы Незалежнасьці ў Менску Вячаслаў Сіўчык пакінуў Беларусь. Ён стварыў і ўзначальвае Беларускі цэнтр ва Ўкраіне, адным з напрамкаў дзейнасьці якога стала правядзеньне акцый салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і дапамога палітычным уцекачам з Беларусі. Жыве ў Польшчы.