Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч — вядомы палітычны дзяяч і журналіст.

21 верасьня 1959 г. — 3 кастрычніка 2013 г. Нарадзіўся і памёр у Менску.

Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Быў галоўным рэдактарам газэты “Рабочы” (1997–2002 гг.). На пачатку 1980-х гг. — актыўны ўдзельнік моладзевых нефармальных аб’яднаньняў “Майстроўня”, “Талака”, адзін з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцыяў і мерапрыемстваў, у тым ліку экалягічнага маршу па Прыпяці ў 1988 г. — адной зь першых чарнобыльскіх акцыяў пратэсту. Ініцыятар стварэньня страйкамаў на менскіх прадпрыемствах у 1991 г.

Ад 1988 г. — актывіст БНФ, да 1996 г. — сакратар управы БНФ. Уваходзіў у групу лідэраў БНФ, якія выступілі з крытыкай Зянона Пазьняка. Восеньню 1996 г. пакінуў пасаду сакратара ўправы БНФ, але не спыніў сяброўства ў партыі.

Адзін з арганізатараў незалежнага аналітычнага цэнтру “Беларуская пэрспэктыва”. Намесьнік старшыні Партыі БНФ, адказны сакратар управы Партыі БНФ.

Храналёгія перасьледу

Ад 1998 г. Віктар Івашкевіч больш за 10 разоў быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі, шмат разоў — штрафамі. Двойчы трымаў галадоўку.

16 сьнежня 2002 г. Віктар Івашкевіч быў арыштаваны, а праз некаторы час — асуджаны да аднаго году абмежаваньня волі за паклёп на прэзыдэнта і яго атачэньне. Нагодай для крымінальнай справы стаў артыкул “Злачынца павінен сядзець у вязьніцы”, надрукаваны ў газэце “Рабочы” падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Да чытачоў газэта не дайшла: прадстаўнікі спэцслужбаў канфіскавалі яе наклад непасрэдна ў друкарні.

Адбываў пакараньне ў Баранавічах. Апынуўся на волі 16 сьнежня 2003 году.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Пракапенка
  • Сяргей Каваленка
  • Зьміцер Завадскі
  • Арцём Дубскі
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў