Валер Сядоў

Валер Сядоў — беларускі актывіст, вядомы сваім удзелам у акцыях пратэсту яшчэ з канца 80-х — пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Гэтага чалавека часам называюць апошнім дысыдэнтам СССР. Нарадзіўся ў Грузіі ў 1960-я гады ў расейскай сям’і, ягоны дзед паходзіў з казакоў, высланых на Каўказ імпэратрыцай Кацярынай ІІ.

Валер Сядоў быў супрацоўнікам газэты “Навіны Адраджэньня”, працаваў у Інстытуце філязофіі Акадэміі навук, вучыўся ў асьпірантуры. Калі ў 1989 годзе ўтварыўся Беларускі Народны Фронт, Сядоў стаў сябрам арганізацыі. Неўзабаве быў абраны сябрам Управы БНФ.

Храналёгія перасьледу

7 лістапада 1990 году Валер Сядоў удзельнічаў у антыкамуністычным мітынгу, праз паўгода яго затрымалі і пасадзілі на “Валадарку”. Крымінальная справа была заведзеная па эпізодзе,  калі падчас мітынгу Сядоў узьлез на помнік Леніну перад будынкам парламенту і вывесіў там антыкамуністычны сымбаль: абвязаны калючым дротам крыж, на які была апранутая душагрэйка зэка ГУЛАГу. Ён усталяваў гэты знак “ад імя дзясяткаў мільёнаў рэпрэсаваных, і беларусаў у тым ліку” (цытата з інтэрвію В. Сядова “Радыё Свабода”).

Менавіта Валер Сядоў быў першым, хто абвесьціў у Беларусі палітычную галадоўку. У СІЗА ён правёў 70 дзён, амаль палову з якіх — 32 дні — галадаў.

Роўна праз 20 гадоў ён ізноў вярнуўся ў вулічную палітыку. 20 студзеня 2011 г. Валер Сядоў выйшаў да менскага Чырвонага касьцёлу на пікет салідарнасьці з палітвязьнямі, якіх пасьля разгону Плошчы 19 сьнежня 2010 было мноства. За тое, што трымаў у руках ікону і партрэт Міколы Статкевіча, дысыдэнт-ветэран быў асуджаны на 12 сутак арышту.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Артур Фінькевіч
  • Уладзімер Кобец
  • Міхаіл Жамчужны
  • Цімох Дранчук
  • Барыс Гарэцкі